Прызёраў міжнародных прадметных алімпіяд ушанавалі ў Віцебску
Выпускнік віцебскай гімназіі №1 Марк Корнейчык, удастоены звання «Віцяблянін года – 2018», заваяваў залаты медаль па інфарматыцы на XIV Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе і ўзяў серабро на XXX Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы. Яго настаўнік – настаўнік інфарматыкі Вераніка Лакціна. Цяпер малады чалавек працягвае адукацыю ў Маскве.
Антон Жыльцоў – цяпер студэнт БДУ, а ў мінулым навучэнец віцебскай гімназіі №2 – зацікавіўся геаграфіяй у дзяцінстве, з часам яго захапленне стала настолькі сур'ёзным, што малады чалавек вырашыў звязаць сваё жыццё з гэтай навукай.
Імкненне даведацца больш, чым напісана ў школьных падручніках, а таксама здольнасць разважаць і супастаўляць факты дапамаглі яму на XV Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе, якая прайшла ў Канадзе, выйсці на ганаровае другое месца.
У настаўніка геаграфіі Сяргея Крывенкі Антон не адзіны пераможца алімпіяд інтэрнацыянальнага ўзроўню, таму невыпадкова, што ён своечасова заўважыў і выгадаваў талент юнака.
Будучы хімік, студэнт БДУ Матвей Новіцкі атрымаў цвёрдыя веды па любімай дысцыпліне ў полацкай СШ №16 у педагога Святланы Дышкант. Малады чалавек – пастаянны ўдзельнік алімпіяднага руху, з 2011-га штурмуе вяршыні спаборніцтваў на званне самага дасведчанага. Летась яму ўдалося ўзняцца на п'едэстал гонару 52-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі і прывезці з яе дыплом III ступені.
– Гэтыя перамогі – ваш фундамент, – пасля ўручэння ўзнагарод звярнуўся да маладых людзей Мікалай Шарснёў. – Але гэта толькі першы крок на шляху станаўлення і самарэалізацыі ў жыцці. І гэта ганарова не толькі для вас, гэта прэстыж вашых школ, педагогаў, нашай краіны. У вас усё яшчэ наперадзе, таму дзейнічайце і ідзіце цвёрда да пастаўленай мэты, нягледзячы ні на якія перашкоды. А мы будзем усяляк падтрымліваць вас.