«Прамая лінія» міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алега Праляскоўскага прайшла ў Віцебскай вобласці

«Прямая линия» министра информации Республики Беларусь Олега Пролесковского прошла в Витебской области

У мінулы чацвер адбылася «прамая лінія» з жыхарамі вобласці міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алега Праляскоўскага (на фота).

Першым у рэдакцыю нашай газеты, а менавіта тут праходзіла «прамая лінія», дазваніўся жыхар Полацка Міхаіл Дайдзік. Ён звярнуўся да міністра з прапановай.

— Дзісна мае неафіцыйны статус самага маленькага горада Беларусі. Гэта паселішча на Мёршчыне вядома з XI стагоддзя як крэпасць Полацкага княства, — пачаў размову Міхаіл Сяргеевіч. — У Дзісны багатая гісторыя. Сам горад, які размясціўся на паўвостраве насупраць замка, ад якога захаваліся толькі сляды былых умацаванняў, нягледзячы на неаднаразовыя разбурэнні і пажары, успадкаваў многія рысы архітэктурнай планіроўкі XVI стагоддзя. Было б добра адзін з наступных Дзён беларускай пісьменнасці правесці ў гэтым горадзе.

Алегу Вітольдавічу гэтая прапанова спадабалася, ён паабяцаў у бліжэйшы час абмеркаваць яе з кіраўніком вобласці Аляксандрам Касінцам.

Пенсіянерку з Сенненскага раёна Валянціну Краўчанку хвалюе лёс праваднога радыё:

— Я прачынаюся і засынаю пад яго вяшчанне. І навіны, і прагноз надвор'я — усё даведваюся ад свайго даўняга і праверанага сябра. А цяпер кажуць, што хутка пачнуць здымаць правады. Ці праўда гэта?

Міністр інфармацыі супакоіў пенсіянерку. З Міністэрствам сувязі ўжо ёсць дамоўленасць, каб у агляднай будучыні ў ранейшым рэжыме абслугоўваліся наяўныя лініі перадачы. Новыя правады працягваць няма рэзону, бо за акном XXI стагоддзе. Праваднае радыё сёння актуальна таму, што для многіх, асабліва сельскіх жыхароў, з'яўляецца адным з асноўных крыніц атрымання рэгіянальных навін. У той жа час гэта правераны канал данясення інфармацыі да насельніцтва аб надзвычайных сітуацыях. Трагічныя падзеі ў Крымску гэта пацвердзілі: той, у каго было ўключана радыё, у час пачуў аб надыходзячай стыхійным бедстве. Алег Вітольдавіч падкрэсліў, што ў Расіі, Украіне, Кітаі праваднае радыё функцыянуе ў ранейшым рэжыме. Пазіцыя міністэрства нашай краіны такая: захаваўшы праваднае радыё, павялічыць час эфіру раённага радыёвяшчання, развіваць раённыя газеты і тэлебачанне, а таксама пераходзіць да вяшчання анлайн у Інтэрнэце. Гэта заклік часу.

Словы падзякі ў адрас журналістаў раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» выказала яе даўняя чытачка Марыя Галяк.

— Наша раёнка карыстаецца аўтарытэтам, яна аператыўна распавядае пра падзеі, пра людзей-працаўнікоў, пра знакамітых землякоў. Разам з тым сваю родную газету ў каляровым фармаце мы бачым толькі па святах. А так бы хацелася, каб яна заўсёды была не толькі цікавая па змесце, але і радавала вока, — заўважыла жыхарка Глыбокага.

За сродкі аблвыканкама і міністэрства для Наваполацкай друкарні, дзе друкуюць «Веснік Глыбоччыны», была набыта сучасная машына каляровага друку, праінфармаваў чытачку Алег Праляскоўскі. А значыць, ёсць магчымасць кожны нумар выпускаць поўнакаляровым. Але дзеля эканоміі сродкаў гэта не заўсёды робіцца, што таксама правільна, падкрэсліў міністр.

Адказаў Алег Вітольдавіч і на пытанні журналіста «ВВ». Закранаючы працэс рэарганізацыі сродкаў масавай інфармацыі ў рэспубліцы, ён адзначыў, што час пацвердзіў правільнасць прынятага рашэння. Паспяховае аб'яднанне дзвюх абласных газет на Віцебшчыне таму доказ. «Сёння ў нашай невялікай краіне выходзяць больш чым паўдзесятка рэспубліканскіх газет — гэта шмат. Яны сутыкаюцца ў інфармацыйнай прасторы, дублююць звесткі», — падкрэсліў Алег Пралескоўскі. Да таго ж, на думку міністра інфармацыі, паміж цэнтральнымі і рэгіянальнымі друкаванымі выданнямі няма вялікай розніцы. Разавы тыраж як адных, так і іншых — мільён экзэмпляраў, а рэйтынг некаторых районак на адным узроўні з «Савецкай Беларусіяй». Таму не выключана, што будзе адна цэнтральная дзяржаўная газета з усялякімі дадаткамі, на якія па жаданні можна будзе падпісацца.

— Рэарганізацыя закранула і «Белкнігу», два гады таму мы вярнуліся да яе аб'яднанай структуры, якая ў пачатку 1990-х распалася на абласныя падраздзяленні. Калі б мы не пайшлі на гэта, то сёння гаварылі б у мінулым часе пра «Брэсткнігу» і «Гомелькнігу». Цяпер жа ўпершыню ў галіне гандаль прынёс прыбытак, — падкрэсліў кіраўнік інфармацыйнага ведамства.

Таксама было адзначана, што сёння ў міністэрства шэсць выдавецтваў. На думку Алега Праляскоўскага, гэта залішняя колькасць, і цяпер прапрацоўваецца пытанне аб тым, каб частку з іх аб'яднаць у адзіны навукова-асветніцкі блок.

Кажучы пра сумяшчальнасць паняццяў самаакупнасці дзяржаўных выданняў і іх папулярнасці сярод чытачоў, Алег Вітольдавіч заўважыў, што мясцовыя ўлады павінны ўсяляк дапамагаць рэдакцыям, у тым ліку і фінансава. А журналісты абавязаны рабіць газету прывабнай, пры гэтым разумна выкарыстоўваючы рэкламныя матэрыялы.

Міністр інфармацыі пагадзіўся, што прэстыж прафесіі журналіста трэба падымаць. Выпускнікі Інстытута журналістыкі не хочуць ехаць на перыферыю, пераважная большасць застаецца ў сталіцы, некаторыя з'язджаюць у Расію, іншыя краіны блізкага замежжа.

Рэгіянальныя ВНУ, узяўшыся за падрыхтоўку кадраў для мясцовых газет, якасна выканаць гэту задачу па розных прычынах не могуць. І калі заработная плата карэспандэнта цэнтральных СМІ вышэй, чым рэгіянальных, гэта не значыць, што ў першых працуюць больш таленавітыя людзі. Гэта праблема, і яе трэба вырашаць у бліжэйшы час, лічыць Алег Праляскоўскі.

Артур Мацеюн, "Віцебскія весці"