Прамавугольная манета "І.Рэпін" папоўніла рэпінскую калекцыю Віцебскага абласнога краязнаўчага музея
4 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Срэбная памятная манета Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь "І.Рэпін" папоўніла рэпінскую калекцыю Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, расказаў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара музея Валерый Шышанаў.
Для віцебскіх музейшчыкаў гэта ўдвая каштоўная набытак. Манета прысвечана мастаку, творчасць якога звязана ў тым ліку і з Віцебшчынай, а яшчэ на манеце намалявана сядзіба Ільі Рэпіна ў Здраўнёва, якая цяпер з'яўляецца філіялам абласнога краязнаўчага музея. "Не кожны музей удастойваецца гонару быць выяўленым на дзяржаўнай манеце", - падкрэсліў Валерый Шышанаў.
Срэбная памятная манета "І.Рэпін" выпушчана Нацыянальным банкам у рамках міжнароднай манетнай праграмы "Мастакі свету". Яе намінал складае Br20, праба сплаву - 925, маса - 28,28 г. Як і ўсе манеты гэтай серыі, яна мае прамавугольную форму памерам 40,00 на 28,00 мм. На абаротным і асабовым баку манеты - выступаючы кант па перыметры прамавугольніка. На асабовым баку манеты - аверсе размешчаны: у цэнтры - фрагмент карціны рускага мастака Ільі Рэпіна "Восеньскі букет"; злева ўверсе - рэльефная выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, вакол яго надпіс: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ, у ніжняй частцы - намінал: 20 РУБЛЁЎ, проба сплаву і фірмовы (таварны) знак Манетнага двара Польшчы. На рэверсе - абаротным баку размешчаны: злева - рэльефная выява партрэта Ільі Рэпіна, пад ім надпіс: І.РЭПІН і гады жыцця мастака 1844-1930; справа - выява музея-сядзібы Ільі Рэпіна ў Здраўнёва (Беларусь, Віцебская вобласць), пад ім - выява палітры і пэндзляў. Картина "Восеньскі букет", адчаканеная на аверсе, выбрана не выпадкова: яна напісана ў Здраўнёва, удакладніў Валерый Шышанаў.
У гонар 165-годдзя з дня нараджэння Ільі Рэпіна, якое святкуецца 5 жніўня, у мастацкім музеі - філіяле краязнаўчага, адкрыта выстава яго работ - акварэлей і графікі з фондаў музея. Дзве памятныя манеты з сённяшняга дня таксама будуць выстаўлены для агляду.
У межах міжнароднай праграмы "Мастакі свету" памятныя срэбныя манеты выпусцілі Арменія, Андора, Польшча і нават такія экзатычныя дзяржавы, як Ніуэ і Астравы Кука. Больш за ўсё манет гэтай серыі - пяць, прычым не толькі ў срэбры, але і ў золаце - выпусціла Францыя. Яна прысвяціла іх Эдгару Дэга, Эдуарду Мане і Клоду Мане. А ў поўнай калекцыі нумізматаў павінны быць яшчэ Іван Айвазоўскі, Вінсэнт Ван Гог, Анры дэ Тулуз-Латрэк, Леанарда да Вінчы, П'ер Агюст Рэнуар, Аляксандр Герымскі, Леон Вычулкоўскі, Ян Вермеер.-0-