Праблема тытунекурэння сярод моладзі будзе абмяркоўвацца на міжнародным семінары ў Віцебску

20 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праблема тытунекурэння сярод моладзі будзе абмяркоўвацца на міжнародным міжвузаўскім семінары ў Віцебску 25 мая з удзелам каля 100 выкладчыкаў і студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава (ВДУ) і маскоўскага Інстытута псіхалогіі і педагогікі (ІПП), паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца кафедры сацыяльна-педагагічнай работы ВДУ доктар педагагічных навук Ганна Арлова. На мерапрыемстве будуць разгледжаны розныя аспекты фарміравання здаровага ладу жыцця ў моладзевым асяроддзі з пункту гледжання псіхалогіі і сацыяльнай педагогікі. Выступленні ўдзельнікаў семінара будуць прысвечаны вывучэнню прычын тытунёвай залежнасці з пазіцый розных напрамкаў псіхатэрапіі, асаблівасцям сацыяльнай работы па прафілактыцы залежнасцей сярод дзяцей і падлеткаў, даследаванням стаўлення да праблемы здароўя ў студэнцкім асяроддзі. Асобным напрамкам абмеркавання стане даследаванне магчымасцей мастацтва ў прафілактыцы і аздараўленні сучаснага сацыуму, патэнцыялу мастацкага вобраза як сродку вызвалення ад тытунёвай і наркатычнай залежнасцей. Праграма мерапрыемства прадугледжвае не толькі правядзенне пленарнага пасяджэння, але і творчыя праекты. Перад студэнцкай аўдыторыяй выступіць тэатр "Постдвижение", які дзейнічае пры маскоўскім ІПП, з інтэрактыўным спектаклем "Карлік Нос", які распавядае пра тое, як залежнасць ад тытунекурэння пераадольваецца ў працэсе творчасці. Рэжысёр спектакля - загадчык кафедры філасофскай антрапалогіі і арт-тэрапіі ІПП, доктар філасофскіх навук, кандыдат псіхалагічных навук Уладзімір Нікіцін правядзе майстар-клас для віцебскіх студэнтаў, па выніках якога плануецца паставіць інтэрактыўны спектакль, прысвечаны вырашэнню праблемы тытунекурэння. Асноўнай мэтай міжвузаўскага семінара з'яўляецца аб'яднанне патэнцыялу ВНУ і студэнцтва дзвюх краін для арганізацыі работы ў моладзевым асяроддзі па прафілактыцы тытунёвай і наркатычнай залежнасцей. Семінар прымеркаваны да Міжнароднага дня барацьбы з тытунекурэннем, які адзначаецца 15 мая, і акцыі "Беларусь супраць тытуню". Правядзенне семінара стала магчымым дзякуючы дзейнасці міжвузаўскай навукова-даследчай лабараторыі арт-тэрапіі, якая створана ў рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж ВДУ і ІПП у 2006 годзе.-0-