Праблема выхавання ў дзяцей навыкаў бяспечных паводзін на вуліцы застаецца актуальнай - пракуратура
Пракуратура Віцебскай вобласці лічыць актуальнай праблему выхавання ў дзяцей навыкаў бяспечных паводзін на вуліцы, адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА старшы пракурор аддзела па наглядзе за дазнаннем пракуратуры Віцебскай вобласці Вераніка Дзербенева.
На тэрыторыі вобласці ў 2012 годзе зарэгістравана 43 дарожна-транспартныя здарэнні, у выніку якіх паранены 39 і загінулі 6 дзяцей. У параўнанні з 2011 годам знізілася агульная колькасць аварый з 69 да 43, знізілася колькасць параненых непаўналетніх. Аднак колькасць загінулых дзяцей узрасла з чатырох да шасці. За два месяцы 2013 года ў рэгіёне ў ДТЗ пацярпелі пяцёра дзяцей: двое - у Віцебску, а таксама ў Оршы, Полацкім і Віцебскім раёнах.
Гэтыя дарожна-транспартныя здарэнні адбыліся як па віне кіроўцаў, так і па ўласнай неасцярожнасці дзяцей, з-за невыканання Правілаў дарожнага руху. "Прычынай большасці дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей з'яўляюцца паводзіны, якія можна аднесці да катэгорыі рызыкоўных: пераход праз праезную частку ва ўстаноўленым месцы, непадпарадкаванне сігналам святлафора, нечаканы выхад дзіцяці з-за транспартнага сродку або іншых аб'ектаў, якія абмяжоўваюць бачнасць кіроўцу, а таксама здарэнні з удзелам дзяцей, якія знаходзіліся на праезнай частцы дарогі без суправаджэння дарослых", - канстатавала Вераніка Дзербенева.
Амаль усе наезды на дзяцей адбываюцца па-за пешаходнымі пераходамі. Расследаванне ДТЗ паказвае, што ў большасці выпадкаў дзеці ў аўтааварыі трапляюць з-за слабых ведаў Правілаў дарожнага руху, недысцыплінаванасці, а таксама адсутнасці належнага кантролю з боку бацькоў, педагогаў. "Гэта сведчыць аб тым, што па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема выхавання ў рабят навыкаў бяспечных паводзін на вуліцы", - падкрэсліла пракурор.