Міжнародная канферэнцыя ў Віцебску будзе прысвечана праблемам лекарскай этыкі
28 мая, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. VI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Праблемы лекарскай этыкі ў сучасным свеце" пройдзе 29 мая ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце з удзелам вучоных, медыцынскіх работнікаў і прадстаўнікоў духавенства 6 краін, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў меданіверсітэце.
Для абмеркавання медыцынскіх і этычных праблем лекарскай справы ў абласным цэнтры збяруцца больш за 120 вучоных і спецыялістаў медыцынскіх устаноў, навучальных устаноў, багасловы з Беларусі, Расіі, Швейцарыі, Індыі, Шры-Ланкі. Чакаецца, што ў навуковым форуме прыме ўдзел старшыня Папскага савета па ахове здароўя архібіскуп Зігмунд Зімоўскі (Ватыкан).
Асноўнай тэмай міждысцыплінарнага дыялогу стане праблема ўзаемаадносін паміж урачом і пацыентам у новай культурнай сітуацыі і ва ўмовах актыўнага ўкаранення найноўшых тэхналогій у практыку аховы здароўя. У парадку дня форуму запланавана абмеркаванне пытанняў біяэтыкі ў сучаснай медыцыне, прафілактыкі алкагалізму і наркаманіі, духоўных аспектаў барацьбы з абортамі і эўтаназіяй. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў форуму будуць таксама разнапланавыя пытанні паляпшэння якасці жыцця хворага на фоне бурнага развіцця фармакатэрапіі, этычныя аспекты арганізацыі навучальнага працэсу ў медыцынскім ВНУ.
Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Віцебская епархія Рымска-каталіцкай царквы, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт пры падтрымцы аблвыканкама.-0-