Праблемны дом у Віцебску будзе здадзены ў верасні
У рэгіёне са звышнарміраванымі тэрмінамі будаўніцтва ўзводзіцца адзін дом, які размешчаны ў новым жылым мікрараёне Білева абласнога цэнтра, паведамілі ў камітэце па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама.
Па плане будаўніцтва павінна было завяршыцца яшчэ ў канцы мінулага года, але работы зацягнуліся. "Забудоўшчык, а гэта прадпрыемства "Стройгандальсэрвіс", пачынаў узвядзенне жылля за кошт уласных сродкаў, як камерцыйны праект. Але ў працэсе былі прыцягнуты грошы ўдзельнікаў долевага будаўніцтва - зацягнутыя тэрміны будаўніцтва сталі праблемай для будучых новасёлаў, і дом трапіў у спіс праблемных. Цяпер аб'ект знаходзіцца на пастаянным кантролі, штотыдзень праводзяцца штабы", - растлумачылі ў камітэце.
Усебаковая дапамога, у тым ліку і фінансавая, аказваецца гарадскімі ўладамі. Так, будуць выдзелены грошы для пракладкі да дома інжынерных сетак, аказваецца садзейнічанне ў набыцці ліфтоў з растэрміноўкай плацяжоў і інш. "Робицца ўсё для таго, каб дапамагчы вырашыць праблемы забудоўшчыка і ўдзельнікаў долевага будаўніцтва і ўвесці дом на 146 кватэр у верасні", - адзначылі ў камітэце.
Да канца года ў Віцебску маюць намер завяршыць і будаўніцтва другога ў абласным цэнтры дома па дагаворах арэнды, які таксама першапачаткова планавалася ўвесці ў строй яшчэ ў мінулым годзе. "Ажыццявіць планы не змаглі з-за адсутнасці сродкаў. Цяпер гарвыканкам штомесяц выдзяляе на будаўніцтва грошы, атрыманыя ад прыватызацыі жылля, і да канца года дом будзе ўведзены ў эксплуатацыю", - падкрэслілі ў камітэце.
Алена Ціханава, БЕЛТА.