Праблемай музычных конкурсаў маладых выканаўцаў маэстра Паулс лічыць дыктат тэлебачання

12 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Праблемай музычных конкурсаў маладых выканаўцаў маэстра Паулс лічыць дыктат тэлебачання. Такі пункт гледжання ён выказаў сёння на прэс-канферэнцыі - "Зорны час" з творчай дэлегацыяй Латвіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На прыкладзе папулярнага латвійскага конкурсу "Новая хваля", народны артыст СССР, ганаровы доктар Латвійскай акадэміі навук, выдатны латышскі кампазітар Раймонд Паулс упэўнены, што празмерны ціск рэжысёраў і прадзюсараў конкурсаў перашкаджае выканаўцам выказаць сябе. Па яго словах, рэжысёр камандуе спеваку, што яму спяваць, дзе яму стаць. "Любы музычны фестываль мае адны і тыя ж недахопы: усё вырашае тэлебачанне, у каго рэйтынг", - сказаў Раймонд Паулс. Яшчэ адным недахопам такіх конкурсаў маэстра называе дрэнны канферанс. "Гэтыя вядучыя, шчыра кажучы, мне на нервы дзейнічаюць. Хоча сказаць нешта дасціпнае, а атрымліваецца глупства, - раздражнёна сказаў ён. - Усё гэта ўжо пахне нафталiнам. Змяняцца трэба!". Між тым і самім маладым удзельнікам конкурсаў неабходна працаваць над сабой і сваім рэпертуарам, дадаў Раймонд Паулс. Бо перамога ў конкурсе - гэта толькі першы крок да поспеху. Будучы адным з арганізатараў "Новай хвалі", маэстра лічыць цікавай ідэю ўладкаваць творчае спаборніцтва паміж удзельнікамі "Новай хвалі" і міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск". "Гэта атрымалася б элегантная шоў-праграма з удзелам маладых. Гэта яшчэ адзін шанец для іх", - упэўнены ён. -0-