Праблему новай лініі Пастаўскага ільнозавода павінны вырашыць прафесіяналы - Леанід Анфімаў
Леанід Анфімаў нагадаў, што згодна з даручэннем Прэзідэнта ўсе пытанні, звязаныя з уводам у строй новай лініі прадпрыемства, павінны быць вырашаны да 1 ліпеня. "Мэта майго візіту - паглядзець, у якім стане знаходзіцца гэтая лінія і ў якім фінансавым становішчы завод", - сказаў старшыня КДК.
Па яго словах, ведамства прыкладзе максімум намаганняў, каб абсталяванне запрацавала ва ўстаноўленыя тэрміны. "Думаю, што трэба шукаць спецыялістаў. Не варта спрабаваць рабіць самім тое, у чым мы не моцныя і чаго не можам, асабліва ва ўмовах абмежаванасці часу і фінансавання, - адзначыў Леанід Анфімаў. - Трэба шукаць спецыялістаў, якія дадуць экспертную ацэнку таму, што зроблена, і падскажуць, як можна выправіць тыя недахопы, якія перашкаджаюць нармальна функцыянаваць гэтай лініі". У мадэрнізацыю льноперапрацоўчых прадпрыемстваў укладзены вялікія грошы, заўважыў старшыня КДК. "Атрымалася так, што Постаўскі завод выбіўся з шэрагу мадэрнізаваных прадпрыемстваў. Усе астатнія працуюць даволі эфектыўна", - дадаў ён.
Камітэт дзяржаўнага кантролю мае намер вырашаць праблему шляхам кантролю над эфектыўнасцю дзеянняў людзей, адказных за ўвод у эксплуатацыю няўдалай лініі. Перш за ўсё гаворка ідзе аб супрацоўніках Акадэміі навук і рэспубліканскага НПЦ па механізацыі, па ініцыятыве якіх на заводзе ўстаноўлена эксперыментальнае абсталяванне (у рамках супрацоўніцтва з бельгійскай фірмай). Леанід Анфімаў не выключыў, што да вырашэння праблемы можа далучыцца ўрад. "Урад таксама адказны за паспяховую мадэрнізацыю ўсёй льноперапрацоўчай галіны", - дадаў старшыня КДК.
Акрамя наведвання праблемнага прадпрыемства Леанід Анфімаў прыняў удзел у пасяджэнні Постаўскага райвыканкама і правёў у райцэнтры асабісты прыём грамадзян.
Алена Ціханава - БЕЛТА.