Праблемы чалавека ў сучасным свеце будуць абмяркоўвацца на міжнародным семінары ў Віцебску

12 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праблемы чалавека ў сучасным свеце з пункту гледжання сацыяльна-гуманітарнага ведання, фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцей і пытанні выхаваўчай работы з моладдзю будуць абмяркоўвацца на міжнародным навукова-практычным семінары, які пройдзе 14 мая ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прарэктар ВНУ, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Вольга Часнокава. Цікавасць да мерапрыемства праявілі больш за 150 навукоўцаў і выкладчыкаў ВНУ Беларусі і Расіі. Актуальнасць тэмы абумоўлена патрэбай у пераасэнсаванні фундаментальных асноў чалавечага быцця і выпрацоўцы новых светапоглядных каштоўнасцей на фоне антрапалагічнага крызісу, які перажывае сучаснае грамадства, лічыць Вольга Часнокава. "У гэтай сітуацыі ўзнікаюць няпростыя пытанні: як захаваць цэласнасць чалавечай асобы ва ўмовах ломкі традыцыйнай сістэмы каштоўнасных прыярытэтаў, як стрымаць агрэсіўныя і спажывецкія памкненні чалавека, якія механізмы фарміравання ідэалаў камунікатыўнага адзінства чалавецтва", - адзначыла яна. Некаторыя адказы на гэтыя пытанні паспрабуюць выпрацаваць удзельнікі семінара. Праблемы чалавека і актуалізацыя духоўна-маральных каштоўнасцей будуць разглядацца з пункту гледжання сацыялогіі, паліталогіі, культуралогіі, псіхалогіі, правазнаўства і іншых гуманітарных навук. У цэнтры ўвагі спецыялістаў будуць таксама пытанні арганізацыі выхаваўчай работы са студэнцкай моладдзю як прыярытэтнага напрамку дзейнасці ў адукацыйнай сферы. Па выніках работы семінара плануецца выдаць зборнік работ. Арганізатарам навукова-практычнага семінара выступае Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.-0-