Праблемы фарміравання прававой культуры моладзі даследуюць навукоўцы Віцебскага дзяржуніверсітэта

5 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праблемы фарміравання прававой культуры моладзі на сучасным этапе даследуюць вучоныя юрыдычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дэкан факультэта Аляксандр Бочкаў. Навукова-даследчая праца праводзіцца па заяўцы ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама і прадугледжвае распрацоўку навукова-метадычных рэкамендацый і мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне якасці падрыхтоўкі юрыдычных кадраў, прававую асвету, а таксама павышэнне прававой культуры перш за ўсё моладзі. Пабудова прававой дзяржавы немагчымая без адначасовага фарміравання ў насельніцтва прававых ведаў, перакананняў і навыкаў правамерных паводзін, адзначыў Аляксандр Бочкаў. У новых сацыяльна-эканамічных, палітычных, духоўных, прававых умовах развіцця краіны значэнне фарміравання прававой культуры непазбежна ўзрастае. Пры гэтым даследаванне стану прававой культуры моладзі дазволіць выявіць праблемы, вартасці і недахопы заканадаўства, адукацыі ў сферы фарміравання прававой культуры. У ходзе правядзення навукова-даследчай працы плануецца зрабіць ацэнку стану прававой культуры ў краіне, высветліць крыніцы прававой інфармацыі і прааналізаваць ступень інфармаванасці моладзі аб сваіх правах і гарантыях іх абароны, а таксама сістэму ведаў, установак і каштоўнасцей у галіне права, якія вызначаюць узровень правасвядомасці моладзі. Акрамя таго, прадугледжваецца ацаніць стаўленне навучэнскай моладзі да існуючай прававой сістэмы, выявіць фактары, якія спрыяюць і перашкаджаюць рэалізацыі правоў і свабод моладзі. Пры выкананні даследавання будуць вырашаны іншыя задачы, накіраваныя на аптымізацыю працэсу фарміравання прававой культуры моладзі, дадаў Аляксандр Бочкаў.-0-