Праблемы інфекцый у акушэрстве і гінекалогіі абмяркуюць спецыялісты на канферэнцыі ў Віцебску
13 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праблемы інфекцый у акушэрстве і гінекалогіі абмяркуюць навукоўцы і спецыялісты на міжнароднай канферэнцыі ў Віцебску 21-22 кастрычніка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык кафедры акушэрства і гінекалогіі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прафесар Сяргей Занько.
У Віцебску збяруцца каля 250 вядучых спецыялістаў з Расіі, Польшчы, Украіны і ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Актуальнасць праблематыкі канферэнцыі звязана з тым, што сёння інфекцыя - ужо не праблема хваробы бацькоў дзіцяці, яна паражае ўнутрычэраўна плод падчас цяжарнасці. Малыш нараджаецца інфікаваным, так што педыятрам і тэрапеўтам даводзіцца лячыць яго як носьбіта хранічнай інфекцыі. "Асноўнай задачай канферэнцыі з'яўляецца абмеркаванне адзіных падыходаў прафесійнай супольнасці да праблемы, магчымасцей медыцыны па зніжэнні і прадухіленні ўнутрычэраўнага інфікавання плода", - адзначыў Сяргей Занько.
Акрамя таго, удзельнікі форуму разгледзяць новыя беларускія стандарты лячэння ў акушэрстве і гінекалогіі, якія плануецца прыняць у бліжэйшы час. На канферэнцыі будуць прадстаўлены ўсе вядучыя лячэбныя і навуковыя ўстановы краіны, што дазволіць выпрацаваць канкрэтныя прапановы па магчымай карэкціроўцы дакументаў. Па выніках працы форуму ўзгодненыя прапановы будуць накіраваны ў Міністэрства аховы здароўя на зацвярджэнне. Гэта дазволіць улічыць у ведамасных нарматыўных дакументах усе апошнія напрацоўкі айчынных спецыялістаў. Так што наступныя пасля іх зацвярджэння чатыры гады акушэрска-гінекалагічная служба краіны будзе працаваць па дакументах, якія фактычна сталі вынікам працы віцебскага форуму, сказаў Сяргей Занько.
Падчас мерапрыемства спецыялісты аддадуць даніну павагі прафесару Мікалаю Лызікаву, якому сёлета споўнілася б 90 гадоў. "Гэта была знакавая асоба ў медыцыне былога Савецкага Саюза, ён выгадаваў фактычна ўсіх акушэраў і гінеколагаў Віцебскай вобласці, таму мы вырашылі канферэнцыю прысвяціць памяці гэтага выдатнага чалавека і спецыяліста", - дадаў суразмоўца.-0-