Праблемы прававой культуры моладзі будуць разгледжаны на міжнароднай канферэнцыі ў Віцебску

20 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праблемы фарміравання прававой культуры моладзі на сучасным этапе разгледзяць прававеды з чатырох краін на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая пройдзе 24-25 красавіка ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава (ВДУ). Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дэкан юрыдычнага факультэта ВДУ Аляксандр Бочкаў. У канферэнцыі прымуць удзел каля 200 спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Малдовы, у тым ліку выкладчыкі ВНУ і работнікі судоў, пракуратуры, супрацоўнікі праваахоўных органаў. Плануецца, што на пленарным пасяджэнні выступіць генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч з дакладам "Правапарушэнні сярод непаўналетніх: пытанні прафілактыкі". На канферэнцыі будуць разгледжаны розныя аспекты фарміравання прававой культуры моладзі, роля судовай сістэмы ў гэтым працэсе, забеспячэнне доступу да правасуддзя, а таксама абмяркоўваюцца праблемы прававой і прафесійнай культуры юрыстаў і шэраг іншых пытанняў. Пры падрыхтоўцы да мерапрыемства супрацоўнікі віцебскай ВНУ правялі сацыялагічныя даследаванні ў дзвюх калоніях для непаўналетніх у Віцебску і Бабруйску, вынікі якіх таксама будуць абмяркоўвацца на пленарных пасяджэннях, адзначыў Аляксандр Бочкаў. Па выніках канферэнцыі плануецца выпрацаваць практычныя мерапрыемствы па пытаннях фарміравання правасвядомасці і павышэнні ўзроўню прававой культуры моладзі, якія будуць накіраваны ў праваахоўныя органы і органы юстыцыі. Арганізатарам канферэнцыі выступае Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Машэрава.-0-