Праблемы прававой культуры абмяркуюць эксперты з трох краін на канферэнцыі ў Віцебску
9 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праблемы прававой культуры як асновы фарміравання прававой дзяржавы разгледзяць прававеды з 3 краін на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая пройдзе 10 снежня ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава (ВДУ). Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дэкан юрыдычнага факультэта ВДУ дацэнт Аляксандр Бочкаў.
У канферэнцыі прымуць удзел амаль 300 спецыялістаў з Беларусі, Расіі і Эстоніі, у тым ліку навукоўцы і выкладчыкі ВНУ, работнікі судовай сістэмы, пракуратуры, супрацоўнікі праваахоўных органаў і практыкуючыя юрысты. Плануецца, што на пленарным пасяджэнні выступяць генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч, старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Віктар Камянкоў і суддзя Канстытуцыйнага суда Тадэвуш Варановіч.
На канферэнцыі будуць разгледжаны тэарэтычныя і практычныя аспекты фарміравання прававой культуры ў сучасных умовах, у тым ліку станаўленне канстытуцыйнай культуры, роля судовай сістэмы ў гэтым працэсе, забеспячэнне доступу да правасуддзя, праблемы прафесійнай культуры юрыстаў на сучасным этапе і іншыя пытанні.
Будуць прадстаўлены вынікі сумеснaга праекта "Прававая культура памежных рэгіёнаў Беларусі і Расіі", які рэалізуецца навукоўцамі юрыдычнага факультэта ВДУ і факультэта псіхалогіі і права Смаленскага гуманітарнага ўніверсітэта. У межах даследавання выпрацаваны механізмы і шляхі павышэння прававой культуры грамадзян, у тым ліку іх прававой інфармаванасці.
Па выніках канферэнцыі плануецца выдаць зборнік навуковых прац і выпрацаваць практычныя рэкамендацыі і мерапрыемствы па пытаннях умацавання законнасці і правапарадку, фарміравання правасвядомасці і павышэння ўзроўню прававой культуры, якія будуць накіраваны зацікаўленым органам дзяржкіравання.
Арганізатарам канферэнцыі выступае Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава.-0-