Праблемы прыродаахоўнай дзейнасці і экатурызму абмяркуюць навукоўцы з пяці краін на канферэнцыі ў Віцебску

11 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праблемы прыродаахоўнай дзейнасці абмяркуюць удзельнікі III міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб'екты Беларускага Паазер'я: сучасны стан, перспектывы развіцця", якая пройдзе 16-17 снежня ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце ім. П.Машэрава. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык кафедры батанікі ўніверсітэта Леанард Мяржвінскі. Цікавасць да мерапрыемства выказалі каля 100 вучоных, выкладчыкаў і спецыялістаў прыродаахоўных ведамстваў і ўстаноў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны і Латвіі. На канферэнцыі спецыялістам трэба будзе разгледзець шырокі спектр пытанняў, звязаных з фарміраваннем нацыянальнай экалагічнай сеткі і аптымізацыяй асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, а таксама аб'ектаў, якія маюць статус ключавых батанічных і арніталагічных тэрыторый. Увазе ўдзельнікаў форуму будзе прапанавана тэматыка захавання канкрэтных відаў жывёл і раслін на асабліва ахоўных тэрыторыях, спецыялістам трэба будзе абмеркаваць сітуацыю з тарфянымі радовішчамі, якія выпрацоўваюцца, і іх месца ў рэгіянальнай экалагічнай сетцы. Асобнай тэмай канферэнцыі стане абмеркаванне перспектыў развіцця экалагічнага турызму і экалагічна сумяшчальнага прыродакарыстання, а таксама ўдасканалення асветніцкай работы сярод насельніцтва па пытаннях экалогіі і аховы прыроды. Міжнародная канферэнцыя прысвечана 100-годдзю з дня ўтварэння Віцебскага дзяржуніверсітэта, якое будзе адзначацца ў 2010 годзе. Арганізатарам навуковага форуму выступае Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт і абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.-0-