Праблемы псіхалогіі экстрэмальных сітуацый абмяркуюць спецыялісты трох краін на канферэнцыі ў Віцебску

16 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праблемы забеспячэння псіхалагічнай бяспекі жыццядзейнасці ў экстрэмальных сітуацыях будуць абмяркоўвацца 17 мая ў Віцебску на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Псіхалогія экстрэмальных сітуацый: праблемы тэорыі і практыкі" з удзелам спецыялістаў з Беларусі, Расіі і Польшчы. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык кафедры псіхалогіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П.Машэрава, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Сяргей Багамаз. У Віцебскім рэгіёне навуковы форум па такой тэматыцы пройдзе ўпершыню, падкрэсліў Сяргей Багамаз. Цікавасць да мерапрыемства выказалі каля 80 вучоных і спецыялістаў з навучальных і навуковых цэнтраў, практычныя работнікі лячэбных і рэабілітацыйных устаноў, супрацоўнікі праваахоўных органаў і падраздзяленняў МНС. Асноўнымі мэтамі канферэнцыі з'яўляюцца актуалізацыя праблем забеспячэння псіхалагічнай бяспекі жыццядзейнасці ў экстрэмальных сітуацыях, а таксама вызначэнне падыходаў да стварэння і прымянення сучасных тэхналогій рэгуляцыі паводзін і дзейнасці ў экстрэмальных сітуацыях. У ходзе пленарнага пасяджэння і работы ў секцыях будуць разглядацца праблемы псіхалогіі паводзін чалавека ў экстрэмальных сітуацыях, пытанні аказання медыцынскай дапамогі ў экстрэмальных умовах, асаблівасці дзейнасці спецыялістаў МНС і сілавых структур у экстрэмальных сітуацыях. Асобна будуць абмяркоўвацца праблемы псіхалагічнай бяспекі адукацыйнага асяроддзя, а таксама пытанні падрыхтоўкі прафесійных кадраў для працы ў экстрэмальных умовах. Спецыялісты разгледзяць аспекты сацыяльнай адаптацыі і псіхалагічнай карэкцыі асобы, якая перажыла крызісны стан, сучасныя адукацыйныя праграмы падрыхтоўкі студэнтаў і навучэнцаў да дзеянняў у экстрэмальных умовах. Практычныя заняткі будуць праходзіць на базе цэнтра псіхалагічнай дапамогі ВДУ і Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі ветэранаў і інвалідаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Міністэрства адукацыі і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава.-0-