Праблемы ў сферы турызму абмяркуюць турсаюзы Расіі, Беларусі і Украіны 28 верасня ў Кіеве
22 верасня, Талачын /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Трохбаковая сустрэча прадстаўнікоў турсаюзаў Расіі, Беларусі і Украіны адбудзецца 28 верасня падчас турыстычнай выстаўкі ў Кіеве. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА выканаўчы дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Беларусі Валянцін Цяхмейстэр, які прымае ўдзел у выязным семінары, прысвечаным стварэнню маршруту "З варагаў у грэкі".
На сустрэчы плануецца абмеркаваць актуальныя пытанні ў сферы турызму, прымежнага супрацоўніцтва, праблемныя аспекты ўзаемадзеяння з мытнымі і памежнымі службамі, а таксама асаблівасці прасоўвання нацыянальных турпрадуктаў. "У выпадку, калі праблемы будуць патрабаваць рашэння на дзяржаўным узроўні, мы плануем звярнуцца да ўрадаў трох краін", - распавёў суразмоўца.
Ён таксама адзначыў, што сёлета павышаным попытам карыстаецца адпачынак у беларускіх здраўніцах і санаторыях. Акрамя таго, рэзка ўзрасла актыўнасць сельскага турызму, які хоць і не аказвае істотнага ўплыву на экспарт турыстычных паслуг, але адыгрывае істотную ролю ў папулярызацыі турыстычных магчымасцей краіны.
Прадстаўнік турсаюза таксама паведаміў, што сёлеташняй зімой чакаецца ўсплёск актыўнасці сярод замежнікаў, якія аддаюць перавагу беларускім гарналыжным курортам - гэта "Стайкі", "Сілічы" і "Лагойск". "Расіян, роўна як і прадстаўнікоў іншых дзяржаў, задавальняюць нашы цэны, таму можна чакаць пэўнага павышэння попыту", - лічыць Валянцін Цяхмейстэр.-0-