Праблемы выхавання культуры энергазберажэння ў падлеткаў будуць абмеркаваны на канферэнцыі ў Віцебску

6 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Педагогі Віцебскай вобласці ўпершыню абмяркуюць праблемы выхавання культуры энергазберажэння ў фармаце практычнай канферэнцыі, якая пройдзе 7 кастрычніка ў Віцебску з удзелам больш як 80 прадстаўнікоў устаноў адукацыі ўсіх раёнаў вобласці. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Вобласць займае адну з лідзіруючых пазіцый у краіне па распрацоўцы і ўкараненні тэмы энергазберажэння ў навучальны працэс агульнаадукацыйных устаноў. У рэгіёне праводзіцца мноства мерапрыемстваў па гэтай тэматыцы ў рознай форме. У ходзе канферэнцыі плануецца абагульніць вопыт работы і метадычнага забеспячэння працэсу навучання і выхавання падрастаючага пакалення па пытаннях энергазберажэння, намеціць далейшыя шляхі развіцця ў гэтым напрамку. Удзельнікі мерапрыемства разгледзяць праблемы інтэграцыі энергазберагальнай тэматыкі ў змест урокаў рознай накіраванасці, арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў. Увазе педагогаў будуць прадстаўлены метадычныя распрацоўкі па правядзенні факультатыва "Вучымся эканоміі і беражлівасці", на абмеркаванне будуць вынесены пытанні выхавання культуры энергазберажэння ў дашкольных установах, прапаганды ідэй энергазберажэння ў рабоце з грамадскасцю і бацькамі школьнікаў. У ходзе канферэнцыі пройдзе выстава метадычных матэрыялаў, падрыхтаваных педагогамі вобласці на падставе ўласнага вопыту распрацоўкі энергазберагальнай тэматыкі ў навучальным працэсе. Арганізатарам канферэнцыі "Роля педагога ў рэалізацыі дырэктывы №3 "Эканомія і беражлівасць - галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы" выступае Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі.-0-