Праблемы хуліганства, ужывання і распаўсюджвання наркотыкаў у моладзевым асяроддзі абмеркавалі ў Медыяцэнтры Віцебскай вобласці

Проблемы хулиганства, употребления и распространения наркотиков в молодежной среде обсудили в Медиацентре Витебской области
У юнацтве вельмі лёгка трапіць у дрэнную кампанію, і не менш горка потым выпраўляць зробленыя памылкі. У межах рэспубліканскага праекта БРСМ «Адкрыты дыялог «Сіла Закона» віцебскія школьнікі і сацыяльныя работнікі, знаходзячыся ў абласным Медыяцэнтры, прынялі ўдзел у анлайн-дыскусіі, прысвечанай праблемам хуліганства, а таксама ўжывання і распаўсюджвання наркотыкаў у моладзевым асяроддзі.

Сталічныя спікеры і эксперты растлумачылі ўдзельнікам дыялогавай пляцоўкі з рэгіёнаў нормы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, праінфармавалі рабят аб санкцыях артыкулаў для маладых людзей, якія здзейснілі правапарушэнні і злачынствы. Таксама яны абмеркавалі з падрастаючым пакаленнем нашумелы серыял «Слова пацана», які апавядае пра жыццё вулічных моладзевых груповак у горадзе Казань.

– Папулярны серыял пра выхаванцаў вуліц выдатна ілюструе, што за любым правапарушэннем заўсёды ідзе пакаранне. Варта разумець, што ўступленне ў дэструктыўныя супольнасці не даводзіць да дабра, – папярэджвае прафесар, доктар юрыдычных навук, загадчык кафедры крыміналістыкі БДУ Вячаслаў Шабанаў. – Звычайна ў такіх групах рукамі падлеткаў дзейнічаюць амаральныя дарослыя, якія ўнушылі рабятам ілжывыя каштоўнасці. І выйсці без страт з такога калектыву практычна немагчыма.

Даведка ВВ: У Рэспубліцы Беларусь максімальны тэрмін пазбаўлення волі па сукупнасці прыгавораў для непаўналетніх складае 17 гадоў.

Досвед паказвае, што асэнсаванне сітуацыі да юных хуліганаў прыходзіць толькі ў месцах пазбаўлення волі. Фальшывыя сябры ў такой сітуацыі выпароўваюцца, а падтрымліваюць часцей за ўсё толькі сваякі. Двое выхаванцаў ВК-2 з горада Бабруйска падзяліліся з удзельнікамі дыялогавай пляцоўкі сваімі павучальнымі гісторыямі, якія кранулі сэрцы прысутных.

– Навучаючыся ў каледжы, у мяне цалкам змянілася кола зносін. Разам з новымі сябрамі я стаў часта ўжываць спіртное і пагрузіўся ў чараду вясёлых прыгод, – распавядае дзевятнаццацігадовы Цімафей, які адбывае пакаранне за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, хуліганства і рабаванне. – Аднойчы падчас прагулкі я пабіўся з таварышам, не разлічыў сілу і зламаў яму нагу.

Усвядоміўшы здарэнне, юнак выклікаў хуткую дапамогу і знік з месца злачынства, а пацярпелы некалькі месяцаў правёў у бальніцы. Цімафей вырашыў, што застанецца па-за пакараннем, і працягнуў весці ранейшы лад жыцця і здзяйсняць правапарушэнні. Толькі знаходзячыся пад вартай, юнак усвядоміў, што нарабіў, але было ўжо позна. На тры гады ён трапіў у папраўчую калонію.

Гісторыя іншага маладога чалавека, які аступіўся, – яго равеснік Андрэй – вельмі падобная на папярэднюю. Раней ён лічыў, што яму мора па калена, а самае галоўнае ў жыцці – быць у цэнтры ўвагі. Цыгарэты, алкаголь і жаданне быць дарослым, – на гэтых трох кітах трымаўся яго вольны час, хоць хуліганам хлопец сябе не лічыў.

– Аднойчы я заступіўся за сябра, увязаўся ў бойку і нанёс яго крыўдзіцелю цяжкія цялесныя пашкоджанні. Тады мне здавалася, што я аднаўляю справядлівасць, але неўзабаве я ўсё пераасэнсаваў, – тлумачыць Андрэй. – Цяпер мяне падтрымліваюць толькі мае бацькі, з якімі я раней быў несправядліва грубы і не шанаваў іх мудрыя парады.

На шчасце, у цяперашні час у маладых людзей ёсць мноства магчымасцей для самаразвіцця, і большасць хлопцаў пра дэструктыўныя моладзевыя арганізацыі судзяць толькі па кінафільмах, адным з якіх з'яўляецца «Слова пацана. Кроў на асфальце».

Эксперты дыялогавай пляцоўкі параілі гледачам фільма ўспрымаць яго праз прызму здаровага сэнсу. У аснове займальнага сюжэта ляжыць кніга журналіста Роберта Гараева «Крымінальны Татарстан 1970-2010», якая складаецца са ўспамінаў удзельнікаў падзей. І, што асабліва важна, ніводзін з былых «вулічных байцоў» не ўспамінае гэтыя падзеі з усмешкай. На самай справе ў хуліганстве і бойках няма ніякай рамантыкі.

– Шмат бацькоў занепакоеныя тым, што серыял «Слова пацана» можа навучыць моладзь дрэннаму, – распавядае загадчыца аддзела арганізацыйнай і праграмнай дзейнасці Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Ірына Алюшына. – У межах адкрытага дыялогу «Сіла закона» педагогі актыўна засцерагаюць рабят ад здзяйснення правапарушэнняў. Калі крытычна ацаніць сюжэт серыяла, памылкі мінулага, паказаныя на экране, могуць стаць урокам для юных гледачоў.

І шмат хто з рабят сапраўды глядзіць серыял з розумам. Вучаніца сярэдняй школы № 34 Віцебска Анастасія Савіна цудоўна аддзяляе дынамічны сюжэт ад рэальнага жыцця. Яна ўпэўненая, што неабходна ведаць закон і свае правы, каб бяспечна адчуваць сябе ў грамадстве і паважаць навакольных людзей.

– Мае сябры вядуць здаровы лад жыцця, разам мы займаемся спортам, абмяркоўваем любімыя кнігі і проста гуляем. Апроч алкаголю і цыгарэт вакол шмат цікавага, – упэўненая суразмоўніца.

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі заклікаюць нікога не заставацца абыякавым да існуючай праблемы. Эксперты рэкамендуюць бацькам цікавіцца справамі сваіх дзяцей і прывіваць ім правільныя каштоўнасці, а маладым людзям – выбіраць сабе добрых сяброў, зносіны з якімі пакінуць толькі прыемныя ўспаміны.

"Віцебскія весці"