Праблемы ЖКГ неабходна вырашаць з прыцягненнем прыватных структур - Шэрсценаў
У вырашэнні праблем ЖКГ не абысціся без прыватных структур. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў пасля ўдзелу ў рэспубліканскім суботніку на закладцы сквера ў гонар 70-годдзя Перамогі ў абласным цэнтры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праблемы ЖКГ, у прыватнасці бягучага рамонту жыллёвага фонду, адны з самых балючых для грамадзян, пра што сведчаць у тым ліку шматлікія званкі на суботнія прамыя лініі выканкамаў. “Я цвёрда перакананы, што мы павінны знаходзіць шляхі вырашэння гэтых праблем праз прыватныя структуры. То бок неабходна стварыць умовы, каб на базе ЖКГ або канкрэтнага дома стваралася структура, якая даглядала б гэта жыллё. Лепш за ўсё, каб людзі, якія будуць гэтым займацца, самі пражывалі ў доме, які абслугоўваюць. Тады яны будуць зацікаўлены, каб былі дзверы ўваходныя, каб былі лавачкі, каб былі пад'езды пафарбаваны, каб у пад'ездах былі кветкі. Прырода чалавечая такая, што свая кашуля бліжэй да цела”, - адзначыў губернатар.
Мікалай Шэрстнёў сёння высаджваў дрэвы ў мікрараёне Медцэнтр, дзе ў мінулым годзе была закладзена алея 70-годдзя вызвалення Беларусі. Новыя 110 саджанцаў традыцыйных для Беларусі дрэў (бяроза, клён, рабіна і ліпа), пасаджаныя прадстаўнікамі аблвыканкама і журналістамі, ператварылі алею ў сквер, які будзе названы ў гонар 70-годдзя Перамогі. Акцыі па высадцы дрэў сёння праходзяць у розных кутках Віцебска, у гарадах і раёнах вобласці, удзельнікі суботніка таксама працуюць над добраўпарадкаваннем памятных месцаў і наводзяць парадак на тэрыторыях.
У цэлым у працоўнай акцыі ў вобласці прыняло ўдзел каля 400 тыс. чалавек, з іх 70 тыс. - пенсіянеры, навучэнцы, студэнты, беспрацоўныя і іншыя катэгорыі не занятага працай насельніцтва.
Алена Ціханава