Пробная пастаўка грузаў з Кітая ў будучы Аршанскі транспартна-лагістычны цэнтр адбудзецца ў бліжэйшыя дні
16 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пробная пастаўка грузаў з Кітая на тэрыторыю будучага мультымадальнага транспартна-лагістычнага цэнтра (ТЛЦ), які плануецца стварыць на тэрыторыі Аршанскага авіярамонтнага завода, адбудзецца ў бліжэйшыя дні, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" Уладзімір Траіцкі.
Такім чынам, Ганконгская кампанія СВТ Development (logistik) Limited завершыць тэхнічную падрыхтоўку інвестыцыйнага праекта "Будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод". Прэзентацыя праекта, падрыхтаванага інвестарам, запланавана на канец сакавіка, пасля чаго будзе падпісаны дагавор.
Новы ТЛЦ будзе размешчаны на скрыжаванні 2-га і 9-га міжнародных транспартных калідораў. Аршанскі авіярамонтны завод мае аэрадром, здольны прымаць паветраныя судны практычна ўсіх тыпаў, паблізу знаходзяцца і чыгуначныя шляхі. У перспектыве лагістычны цэнтр зможа абслугоўваць грузапатокі з Варшавы, Таліна і іншых напрамкаў.
Праект забудовы тэрыторыі прадугледжвае новае будаўніцтва складскіх тэрміналаў, адкрытай пляцоўкі для захоўвання кантэйнераў і буйнагабарытных тавараў, офісаў аддзяленняў банка, страхавой кампаніі, бізнес-цэнтра, гасцініцы. Плошча будучага лагістычнага цэнтра складзе каля 100 тыс. кв. м.
На выкананне праекта, па папярэдніх разліках, спатрэбіцца $50 млн. інвестыцый. Акупнасць залежыць ад грузапатокаў: чым вышэй яны будуць, тым ніжэйшы тэрмін акупнасці. Пры спрыяльным сцэнарыі грузапатокі павялічацца ў 2 разы, а акупнасць скароціцца з дзевяці да трох гадоў.
Інвестыцыйная прывабнасць праекта, акрамя тэрытарыяльных, вытворчых, тэхнічных пераваг, забяспечваецца прэферэнцыямі, прадастаўленымі прававымі нарматыўнымі актамі па стварэнні льготных умоў гаспадарання для дзеючых і ствараемых прадпрыемстваў у малых гарадах, а таксама Дэкрэтам №10.
На думку Уладзіміра Траіцкага, стварэнне цэнтра дазволіць актывізаваць міжнародныя авіяцыйныя, чыгуначныя і аўтамабільныя перавозкі, развіваць і павышаць загрузку інфраструктуры авіярамонтнага завода і спрыяць развіццю пасёлка Болбасава, дзе размешчана прадпрыемства.
Кампаніі CBT Development (Logistics) Limited (Ганконг, Кітайская Народная Рэспубліка) дэлегаваны паўнамоцтвы інвестыцыйнага агента Беларусі. Яна была створана сінгапурскім публічным інвестыцыйным фондам у сферы нерухомасці і прыватным інвестыцыйным фондам у сферы інфраструктуры, нерухомасці і тэлекамунікацый спецыяльна для рэалізацыі праекта па будаўніцтве ТЛЦ на тэрыторыі авіярамонтнага завода пад Оршай. -0-