Продаж квіткоў на канцэрты XVIII фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» пачнецца 29 траўня
28 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Продаж квіткоў на канцэрты XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пачнецца 29 мая а 10.00 раніцы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск".
На сцэне Летняга амфітэатра запланавана правесці 18 канцэртаў. Чакаецца, што іх паглядзяць каля 100 тыс. гледачоў. Сярод зорак, заяўленых у афішах канцэртаў, Лара Фабіян, Сара Коннар, Райманд Паулс, Дольф Лундгрэн, Валерый Лявонцьеў, Сафія Ратару, Валерый Меладзэ, Мікалай Баскаў, Барыс Маісееў, Роза Рымбаева, ансамбль "Беларускія песняры", Анатоль Ярмоленка і "Сябры", Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Надзея Кадышава і ансамбль "Залатое кальцо".
Па традыцыі ў праграме фестывалю адбудуцца канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі, Украіны, Расіі і Масквы. Удзельнікі беларускага і ўкраінскага канцэртаў заяўлены ў афішах, а вось выканаўцы, прылічаныя да майстроў мастацтваў Расіі і Масквы, пакуль не названы. Праўда, нягледзячы на інтрыгу рэжысёраў і арганізатараў, цана квіткоў на гэтыя канцэрты ўжо ўстаноўлена: на "расійскі" канцэрт - ад Br15 тыс. да Br40 тыс., на "маскоўскі" - ад Br25 тыс. да Br60 тыс.
Кошт квіткоў на фестывальныя канцэрты ў Летнім амфітэатры вагаецца ад Br10 тыс. да Br350 тыс. Самыя дарагія квіткі - на канцэрт урачыстага адкрыцця фестывалю. У гэтым годзе скласці рэйтынг папулярнасці артыстаў, якія даюць на фестывалі сольныя канцэрты, у залежнасці ад цаны на іх выступленні не атрымаецца. Пачуць Лявонцьева, Ратару, Меладзэ і Маісеева можна будзе, заплаціўшы ад Br40 тыс. да Br100 тыс. Між тым, на выступленні Надзеі Кадышавай з ансамблем і арт-групы "Хор Турецкого" квіткі будуць каштаваць ад Br30 тыс. да Br80 тыс.
Квіткі будуць рэалізоўвацца як за наяўны, так і па безнаяўным разліку. У горадзе адкрыты тры касы па продажы квіткоў за наяўны разлік. Час іх працы ўстаноўлены з 10.00 да 20.00 з перапынкам з 14.30 да 15.00.
XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 10 па 16 ліпеня. Гала-канцэрт урачыстага адкрыцця адбудзецца 10 ліпеня. Першы канцэрт на Летнім амфітэатры дасць Валерый Лявонцьеў 9 ліпеня ў 22.00, а фестывальным эхам стануць "Зоркі радыё "Шансон" - канцэрт пад такой назвай апошні ў афішы XVIII "Славянскага базару ў Віцебску" і адбудзецца ён 17 ліпеня.-0-