Працягваецца збор манет для помніка «Жывая памяць удзячных пакаленняў» у Віцебскай вобласці
Патрыятычная акцыя адбылася ў бізнес-цэнтры «Марка-Сіці», дзе на нулявым узроўні ўстаноўлена скрыня для збору манет. Дарэчы, у Віцебскай вобласці такіх ёмістасцей больш за тысячу.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў, член вышэйшага палітычнага савета Беларускай партыі «Белая Русь» Дзмітрый Дзямідаў — адзін з першых папоўніў скрыню савецкімі і сучаснымі манетамі, адзначыўшы, што гэтая акцыя мае вельмі глыбокі духоўны сэнс, аб’ядноўвае пакаленні.
– Цяперашняе пакаленне шляхам збору манет дзякуе продкаў за гераізм, які яны праявілі падчас Вялікай Айчыннай вайны, адстаялі свабоду і незалежнасць нашай краіны. Апускаючы манеты ў скрыню, мы перадаём часцінку сваёй душы, а савецкія манеты яшчэ і перадаюць энергію нашых бацькоў, якія працавалі на карысць Радзімы, – падкрэсліў Дзмітрый Дзямідаў. – Радуе, што да акцыі, якая стартавала ў нашай вобласці ў кастрычніку 2023 года, далучыліся выхаванцы дзіцячых садкоў, навучэнцы школ, каледжаў і студэнты ВНУ. Такім чынам, яны звярнуліся да гісторыі сваёй сям’і, бо дзеці распавядалі пра акцыю сваім бацькам, бабулям і дзядулям. Сабраныя манеты ўжо пайшлі на стварэнне народных помнікаў «Жывая памяць удзячных пакаленняў» у Мінску і Брэсце, а сёлета стануць часткай мемарыяла, які ўсталююць на Паклоннай гары ў Маскве.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса таксама падкрэсліў, што збор манет ужо падыходзіць да фінішу. Віцебская вобласць – адна з самых актыўных у акцыі, у фінале дабрачыннага праекта, 2 красавіка, у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, у ВДУ ім. П. Машэрава прыме ўдзел Аляксей Талай.