Прадукцыю Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната высока ацанілі на міжнароднай выставе «WorldFood Moscow-2015»
ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат» годна прадставіў азёрны край на знакамітай міжнароднай выставе «WorldFood Moscow-2015». Увазе гасцей і ўдзельнікаў глыбачане прапанавалі прадукты, якія карыстаюцца нязменным попытам у нашай краіне і за мяжой. Высокую ацэнку атрымаў сыроватачны стэрылізаваны напой «Бія-рытм» з грэйпфрутавым і яблычным сокам. Станоўча адзначылі і лінейку прадукцыі «Дыетычнае харчаванне», якая ўключае згушчонае стэрылізаванае малако са стэвіяй 6,8%, малако згушчонае з фруктозай 8,5% і згушчонае варанае малако 7% з фруктозай.
Па словах намесніка генеральнага дырэктара Глыбоцкага МКК па камерцыйных пытаннях Андрэя Сакалоўскага, у рамках мерапрыемства быў праведзены шэраг важных сустрэч, заключаны кантракты на пастаўку прадукцыі ў наступным годзе, у тым ліку на новыя рынкі збыту. На выставе ішла размова аб павелічэнні аб'ёмаў экспарту ва Уладзівасток, Петрапаўлаўск-Камчацкі, Благавешчанск і іншыя гарады. Дарэчы, з сакавіка гэтага года глыбачане паставілі на Далёкі Усход Расіі прадукцыі на агульную суму каля 60 млн расійскіх рублёў.
З 3 па 11 кастрычніка ў Новасібірску ў рамках Дзён Беларусі ў Сібіры пройдзе раздробны кірмаш-продаж беларускіх тавараў. Будзе там прадстаўлена і натуральная прадукцыя Глыбоцкага МКК, якую заўсёды, праўда, не ў такім шырокім асартыменце, можна набыць у многіх крамах Новасібірска.
Дыяна Берніковіч, «Віцебскія весці».