Праект Anatomia аб'яднаў у Віцебску фотамастакоў з Беларусі, Чэхіі, Латвіі і Францыі
Праект Anatomia сабраў у Віцебску фотамастакоў з Беларусі, Чэхіі, Латвіі і Францыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі Марка Шагала.
Праект аб'яднаў 16 удзельнікаў, якія падрыхтавалі для экспазіцыі незвычайныя фатаграфіі і арт-аб'екты, убачыць якія можна ў Цэнтры сучаснага мастацтва і музеі Марка Шагала. На суд гледачоў яны прадставілі сваё бачанне аголенай мужчынскай і жаночай натуры. Аб працах у стылі "ню" папярэджвае і надпіс на афішах выставы - 18+.
Куратарам праекта выступіла віцебская мастачка Дзіна Даніловіч, а яго ідэя ўзнікла ў яе ў сувязі з неадназначнай рэакцыяй публікі на творы ўдзельнікаў праекта Cinematograf, які праводзіўся ў арт-цэнтры Марка Шагала з 2007 па 2011 гады, і адсутнасцю, на яе думку, культуры ўспрымання аголенага цела. Пытанні, ужо даўно вырашаныя мастакамі і грамадствам на Захадзе, для часткі беларускай аўдыторыі па-ранейшаму актуальныя і адчувальныя, лічыць Дзіна Даніловіч. Яна прапануе не ігнараваць чалавечае цела ў яго эратычным і сацыякультурным аспекце, роўна як і праблематыку стаўлення да ўласнай і чужой нагаты, эвалюцыю калектыўных уяўленняў аб межах дазволенага ў выяве і трансфармацыях цела ў мастацтве і ў жыцці.
Правакацыйная экспазіцыя выклікае неадназначнае ўражанне. Азнаёміцца з ёй варта хаця б для таго, каб убачыць працы вядомага чэшскага фэшн-фатографа Роберта Вано, фатаграфіі якога можна знайсці ў Harper's Bazaar, Vogue, Elle, Cosmopolitan і іншых папулярных глянцавых часопісах. На выставе ў Віцебску экспануюцца яго працы, выкананыя ў рэдкай для цяперашніх фотамастакоў тэхніцы плацінавага друку і, па праве, заслугоўваюць увагі публікі.
Партнёрамі праекта выступаюць аддзел культуры Віцебскага гарвыканкама, арт-цэнтр Марка Шагала, музей Марка Шагала, Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва, пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Мінску, Чэшскі цэнтр у Кіеве, Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску.