Праект бюджэту Беларусі на 2011 год прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні
7 верасня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. Праект рэспубліканскага бюджэту на 2011 год прыняты сёння ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Характэрнай асаблівасцю бюджэту будучага года з'яўляецца той факт, што ў ім улічаны змены ў Падатковым кодэксе, які істотна спрашчае сістэму падаткаабкладання, а таксама зніжаецца падатковая нагрузка. "Зніжэнне падатковай нагрузкі на 0,4% да ВУП і радыкальнае спрашчэнне падатковага адміністравання дазволяць пакінуць у эканоміцы больш Br700 млрд.", - адзначыў міністр фінансаў Андрэй Харкавец.
Праект бюджэту сфарміраваны зыходзячы з тэмпаў росту ВУП у 2011 годзе на ўзроўні 110%, гадавая інфляцыя запланавана на ўзроўні 8%, сярэднегадавы курс долара да беларускага рубля складзе Br3170.
У структуры бюджэту адзначаны значны рост сацыяльнага пакета за кошт павышэння заработнай платы, пенсій, стыпендый і іншых сацыяльных гарантый грамадству.
Даходы кансалідаванага бюджэту ў 2011 годзе дасягнуць Br54,5 трлн., што складзе 118% да ацэнкі 2010 года. Даходы па праекце рэспубліканскага бюджэту ў 2011 годзе прадугледжваюцца ў суме Br33,6 трлн., або 116,9% да чаканага выканання 2010 года.
Як адзначыў Андрэй Харкавец, структура даходаў у будучым годзе захоўваецца. Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў кансалідаванага бюджэту з'яўляюцца: ПДВ - 35,1%, падаткі ад знешнеэканамічнай дзейнасці - 13,3%, падаткі на даходы і прыбытак - 12,8%, падаходны падатак - 10,1%, акцызы - 9,8%.
У 2011 годзе павялічацца даходы бюджэту ад увознай мытнай пошліны, адзначыў міністр фінансаў. Беларусь увайшла ў Мытны саюз, і цяпер увознай мытнай пошліны ад прадукцыі, якая паступае, "залічаюцца ў агульны кацёл і размяркоўваюцца па бюджэтах трох краін". Доля Беларусі тут складае 4,7%. Даходы ад увознай мытнай пошліны будуць залежаць не толькі ад аб'ёмаў беларускага імпарту, але і ад аб'ёмаў увозу тавараў на тэрыторыю Расіі і Казахстана.-0-