Праект «Электронная школа» стартуе ва ўстановах адукацыі Віцебшчыны ўжо ў гэтым навучальным годзе

Да 2020 года больш за 80% беларускіх вучняў і настаўнікаў будуць карыстацца электроннымі дзённікамі і класнымі журналамі, а большасць справаздач будуць перадавацца праз адзінае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе.


Рэалізацыі праекта «Электронная школа» на Віцебшчыне быў прысвечаны семінар у абласным інстытуце развіцця адукацыі, які праводзілі спецыялісты галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Беларусі.

Інфарматызацыя навучальных устаноў – адное з мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы развіцця цыфравай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016-2020 гады.

Ва ўпраўленні адукацыі аблвыканкама паведамілі, што Міністэрства адукацыі ўжо з гэтага вучэбнага года рэкамендавала ўсім школам пачаць практычную рэалізацыю праекта «Электронная школа».

Для гэтага ў кожным рэгіёне вобласці вызначаны апорныя школы, якія першымі апрабуюць новаўвядзенні – перш за ўсё электронныя журналы і дзённікі. У канчатковым выглядзе «Электронная школа» – гэта цалкам віртуалізаваная адукацыйная сістэма, дзе высокія тэхналогіі і інтэрнэт задзейнічаны на ўсіх этапах навучання: ад пропускной сістэмы да дыстанцыйных урокаў, дакументацыі і ўніверсальнай электроннай карты вучня.

Дырэктар інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Лис паведаміў, што праект шматгранны і перспектыўны. Яго рэалізацыя значна аблегчыць працу педагогаў, аптымізуе дакументаабарот і зробіць працэс навучання больш цікавым і інтэрактыўным. Праект дарагі, але на яго ажыццяўленне ў бюджэце запланаваны значныя сродкі.

Аляксандр Кутынко, «Віцебскія вясці». Фота з адкрытых крыніц.