Праект ЕС па мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі абмеркавалі ў ВГТУ
У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце адбыўся Рэспубліканскі семінар па інфармаванні аб праграмах TEMPUS у Рэспубліцы Беларусь. Адзін з самых працяглых праектаў ЕС (у 2012 годзе яму споўніўся 21 год) накіраваны на падтрымку працэсаў мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў краінах-партнёрах з Усходняй Еўропы, Цэнтральнай Азіі, Заходніх Балкан і Міжземнамор'я. Наша краіна ўдзельнічае ў гэтых праграмах з 1994 года. За гэты час мы ўваходзілі ў склад кансорцыумаў 51 праекта. У цяперашні час у рэспубліцы іх рэалізуецца 17.
У семінары прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Жук, дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Мінадукацыі, каардынатар праграмы TEMPUS у Беларусі Мікалай Лістапад, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок, прадстаўнікі ВНУ Віцебскай і Магілёўскай абласцей.
Як паведаміла прарэктар ВДТУ па навуковай рабоце Алена Ванкевіч, па выніках 5-га конкурсу заявак у 2012 годзе Еўрапейскай Камісіяй TEMPUS было адабрана 8 праектаў, у тым ліку адзін з удзелам тэхналагічнага ўніверсітэта на тэму «Кіраўніцтва і кіраванне зменамі ў сферы вышэйшай адукацыі» (галаўная арганізацыя – Міжнародны універсітэцкі каледж, горад Добрыч, Балгарыя). А ўсяго ў ім задзейнічана 29 універсітэтаў з 11 краін. У гэтым годзе абвешчаны апошні 6-ы конкурс па названых праграмах. Пачынаючы з 2014 года яны будуць плаўна трансфармавацца ў больш агульную з пункту гледжання напрамкаў супрацоўніцтва, уцягнутасці зацікаўленых праграму ERASMUS for ALL.