Праект "Грамадзянскі абавязак на варце міру" рэалізуюць у Полацкім раёне

Проект "Гражданский долг на страже мира" реализуют в Полоцком районе

Праект "Грамадскі абавязак на варце міру" рэалізуюць у Год моладзі да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Полацкім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.

На працягу тыдня з 9 па 14 лютага ва ўстановах адукацыі раёна будуць арганізаваны мерапрыемствы, накіраваныя на ваенна-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення.

Праект разбіты на тры блокі: "Дарогамі вайны ў Афганістане" - вывучэнне гісторыі вайны ў Афганістане; "Памятаем і ганарымся" - ушанаванне воінаў-інтэрнацыяналістаў, правядзенне мітынгаў і лінеек памяці, канцэртаў, патрыятычнай акцыі; "Пад мірным небам" - конкурсныя праграмы, спартыўныя спаборніцтвы, тэматычныя выставы дзіцячай творчасці.

"Актуальнасць праекта ў Год моладзі абумоўлена тым, што ў аснову мерапрыемстваў закладзены ідэі патрыятызму, сувязі пакаленняў, воінскага абавязку, міру, выхавання моладзі на прыкладзе мужнасці і стойкасці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Успаміны ўдзельнікаў вайны ў Афганістане дазваляюць навучэнцам адчуць і зразумець рэальны сэнс слова "вайна". А самае галоўнае - усвядоміць каштоўнасць і далікатнасць міру", - падкрэслілі ў прэс-службе.

Арганізатарам праекта з'яўляецца аддзел адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама, партнёрамі - Полацкая гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане", Полацкае епархіяльнае ўпраўленне Беларускай праваслаўнай царквы.

15 лютага 1989 года (26 гадоў таму) быў завершаны вывад савецкіх войскаў з Афганістана. У баявых дзеяннях у далёкай горнай краіне прынялі ўдзел больш за 500 жыхароў Полацка і Полацкага раёна, 29 з іх загінулі. У памяць аб загінуўшых у 2004 годзе ў горадзе ўзведзена капліца, на базе сярэдняй школы №8 адкрыты музей воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Па традыцыі 15 лютага ў раёне пройдуць памятныя мерапрыемствы: у Свята-Пакроўскай царкве – набажэнства; ля капліцы Памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў – мітынг; у раённым Доме культуры – канцэрт; у арганізацыях і ўстановах адукацыі Полацка і Полацкага раёна – выставы і экспазіцыі, прысвечаныя афганскім падзеям, экскурсіі, сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі, іх роднымі і блізкімі. Удзельнікі мерапрыемстваў успомняць тых, хто загінуў на той вайне, і аддадуць даніну павагі ветэранам баявых дзеянняў у Афганістане.

Алена Ціханава