Праект "Маеш матацыкл - атрымай правы!" рэалізуецца ў Полацкім раёне
Праект па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх у сферы бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту "Маеш матацыкл - атрымай правы!" рэалізуецца ў Полацкім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў райвыканкаме.
Удзельнікамі праекта, які будзе рэалізоўвацца ў раёне на працягу трох месяцаў, сталі 16-гадовыя падлеткі, якія жадаюць атрымаць правы на кіраванне матацыклам (катэгорыі А1). "Старшакласнікі і навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі (24 хлопцы і 6 дзяўчат) самастойна вывучаюць правілы дарожнага руху і два разы на месяц прыходзяць на сустрэчы з супрацоўнікамі ДАІ, падчас якіх падлеткі кансультуюцца са спецыялістамі, вырашаюць білеты на камп'ютарах і авалодваюць практычнымі навыкамі кіравання матацыклам", - растлумачылі ў райвыканкаме, падкрэсліўшы, што заключным этапам праекта стане арганізаваная здача тэарэтычнага і практычнага экзамену ў ДАІ.
Ініцыятарамі праекта выступілі камісія па справах непаўналетніх Полацкага райвыканкама і міжраённы аддзел ДАІ (па абслугоўванні Полацка, Наваполацка і Полацкага раёна) УУС Віцебскага аблвыканкама.
Алена Ціханава