Праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі абмеркавалі кіраўнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці на пасяджэнні савета

Мерапрыемства прайшло ў Оршы на базе каледжа – філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту з удзелам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігара Марзалюка і начальніка упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Аляксандра Матюшонка.

– Задачы, якія перад намі стаяць, найактуальнейшыя, – адзначыў старшыня савета кіраўнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці, дырэктар Віцебскага тэхналагічнага каледжа Аляксандр Ласякін. – Змены і папраўкі, якія ўносяцца ў кодэкс, хвалююць кожнага кіраўніка установы адукацыі. Тут сабраліся тыя, у каго вялікі вопыт працы за плячыма, сваё бачанне сістэмы, падыходы і погляды. Нам ёсць што прапанаваць, абмеркаваць, пра што паспрачацца. Я цалкам падтрымліваю прапанову аб скарачэнні тэрмінаў навучання на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Але пры гэтым ні ў якім разе не павінна пацярпець якасць падрыхтоўкі навучэнцаў. Неабходна падняць прэстыж рабочых прафесій на новы узровень.

Быў разгледжаны і яшчэ адзін значны аспект – кваліфікацыйныя характарыстыкі і змест праграм па прафесійнай падрыхтоўцы навучэнцаў. Бо выпускнікі павінны валодаць не толькі асновамі прафесіі, але і ведаць, як вырашаць вытворчыя задачы.

– Мы адна з нямногіх краін на постсавецкай прасторы, якая захавала якасную і эфектыўна працуючую сістэму сярэдняй спецыяльнай адукацыі, – падкрэсліў Ігар Марзалюк. – Прапановы ў законы павінны ўносіць практыкі, тыя, хто нямала зрабіў для развіцця ўстаноў адукацыі. Ідэямі, якія былі агучаны на пасяджэнні, мы абавязкова скарыстаемся. Круглы стол у парламенце пройдзе 9 сакавіка, дэпутаты абмяркуюць усе набалелыя пытанні.

Нам варта вызначыцца, якія спецыялісты і ў якой колькасці патрэбны дзяржаве і што для гэтага трэба зрабіць. Я глыбока перакананы, што павінен быць дзяржаўны заказ на спецыялістаў, рацыянальная збалансаваная

сістэма. Калі мы пераходзім на шматступенчатую сістэму і сярэдняй, і вышэйшай адукацыі, то неабходна вызначыць дакладныя крытэрыі. Сярэдні бал невялікі – дарога ў профільную сістэму. Калі там паспяхова рэалізуешся – ідзі далей у ВНУ. Так, як гэта зараз адбываецца ў Германіі, Швецыі, Фінляндыі, дзе толькі 30% выпускнікоў школ паступаюць у ВНУ.

Закранулі на пасяджэнні савета і праблемы працаўладкавання выпускнікоў, вопытам работы падзяліўся Аршанскі каледж. Прысутных уразіла як арганізацыя вытворчай практыкі на базе ўстановы, так і падыход да працаўладкавання, прафесійнай падрыхтоўкі будучых чыгуначнікаў.

Вольга ЛЕБЕДЗЕВА, фота аўтара. «Віцебскія весці».