Праект Лёзненскай арганізацыі інвалідаў атрымаў грант Фонду сацыяльнага развіцця Сусветнага банка
23 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Фонд сацыяльнага развіцця Сусветнага банка выдзеліў грант у памеры $5 тыс. на рэалізацыю праекта Лёзненскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў "Дыялог і супрацоўніцтва паміж мясцовай уладай і насельніцтвам", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня раённай арганізацыі Таццяна Емяліна.
Галоўная мэта праекта - стварыць спрыяльныя ўмовы для ўдзелу інвалідаў ва ўсіх сферах жыцця, павысіць іх прававыя веды. Для яе дасягнення плануецца правесці адукацыйныя мерапрыемствы, трэнінгі для інвалідаў і членаў іх сем'яў, наладзіць цеснае супрацоўніцтва з мясцовымі органамі ўлады, скаардынаваць мэтанакіраваную работу па аказанні дапамогі гэтай катэгорыі насельніцтва. Прадугледжваецца інфармаваць жыхароў раёна аб праблемах інвалідаў праз тэматычныя акцыі, круглыя сталы, а таксама выпусціць інфармацыйную прадукцыю і стварыць сайт арганізацыі. Тэрміны рэалізацыі праекта вызначаны з красавіка па снежань 2009 года. Таццяна Емяліна адзначыла, што гэта ўжо трэці грант, атрыманы раённай арганізацыяй інвалідаў у ходзе розных конкурсаў.
Пераможцамі конкурсу Фонду сацыяльнага развіцця Сусветнага банка ў 2009 годзе сталі сем беларускіх грамадскіх арганізацый. У іх ліку таксама апынуліся Цэнтр падтрымкі і развіцця юнацкага прадпрымальніцтва, Фонд падтрымкі сацыяльных і эканамічных рэформ, Рэспубліканская асацыяцыя спажывецкіх кааператываў фінансавай узаемадапамогі, Беларуская ліга бацькоў і педагогаў "Крок за крокам", Гродзенская раённая арганізацыя "Надзея" Беларускага саюза жанчын і асацыяцыя "Новае аграпрадпрыемства" (Чэрвеньскі раён). На ажыццяўленне сваіх праектаў кожная арганізацыя атрымае грантавую падтрымку ў памеры да $8 тыс.
Фонд сацыяльнага развіцця Сусветнага банка падтрымлівае мерапрыемствы, накіраваныя на пашырэнне правоў і магчымасцей уразлівых груп насельніцтва, уцягванне ўсіх зацікаўленых бакоў у вырашэнне мясцовых пытанняў развіцця. Штогадовая Праграма Фонду для грамадскіх арганізацый рэалізуецца ў Беларусі з 1999 года. За гэты час было падтрымана 68 праектаў на агульную суму каля $420 тыс.-0-