Праект Міжнароднага Шагалаўскага цэнтра ў Віцебску абмяркуюць удзельнікі XIX Шагалаўскіх чытанняў
14 чэрвеня, Віцебск /Кар.БЕЛТА/. ХІХ Міжнародныя шагалаўскія чытанні сёння стануць месцам грамадскага абмеркавання праекта рэканструкцыі гістарычнай часткі Віцебска, звязанай з імем Марка Шагала, расказала карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая.
Перадпраектны варыянт міжнароднага шагалаўскага цэнтра ў Віцебску створаны групай архітэктараў пад кіраўніцтвам заслужанага архітэктара Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі Леаніда Левіна. Праект ужо дэманстраваўся на інвестыцыйных форумах у Віцебску і Мінску і, па словах Людмілы Хмяльніцкай, выклікаў вялікую цікавасць у патэнцыйных інвестараў.
"Праект закранае рэканструкцыю амаль чвэрці гістарычнай часткі Віцебска і мае велізарнае значэнне для развіцця турыстычнага патэнцыялу горада, яго рэалізацыя важная і патрабуе ўдзелу ўсіх зацікаўленых асоб", - падкрэсліла дырэктар музея. Грамадскасці праект прадставяць аўтары, а да яго абмеркавання запрошаны віцебскія архітэктары, мастакі, спецыялісты па ахове помнікаў, музейшчыкі, гісторыкі.
Як чакаюць арганізатары шагалаўскіх чытанняў, з яшчэ адным цікавым з пункту гледжання развіцця міжнародных турыстычных сувязей праектам пазнаёмяць адміністрацыя горада Нарвы (Эстонія) і кансалтынгавая кампанія па развіцці турызму з Таліна. Па словах Людмілы Хмяльніцкай, нароўні з прэзентацыяй матэрыялаў аб знаходжанні вядомага ўраджэнца Віцебска ў Нарве кансалтынгавая кампанія падрыхтавала прапановы аб узаемным супрацоўніцтве.
Нягледзячы на тое, што такую вялікую ўвагу ХІХ шагалаўскія чытанні нададуць развіццю турызму, арганізатары працягнуць традыцыю знаёмства грамадскасці з новымі матэрыяламі аб жыцці і творчасці Марка Шагала. Чытанні адкрыліся выставай тэатральных эскізаў і графікі маскоўскага мастака Барыса Бомштэйна. Своеасаблівым працягам чытанняў стане дзень нараджэння Марка Шагала - 7 ліпеня. У гэты дзень на вуліцы Пакроўскай, дзе знаходзіцца дом мастака і яго музей, пройдуць літаратурна-музычныя сустрэчы "У гасцях у Марка і Бэлы". -0-