Праект "Адкрыты дыялог" ДАІ Віцебскай вобласці дапамог палепшыць арганізацыю руху
Праект "Адкрыты дыялог" ДАІ Віцебскай вобласці ўжо паказаў сваю эфектыўнасць у арганізацыі руху. Аб прамежкавых выніках распавёў начальнік упраўлення ДАІ УУС аблвыканкама Уладзімір Назарка.
Не так даўно інспекцыя адкрыла ў інтэрнэце спецыяльны электронны яшчык otkritiydialog@gmail.com пад умоўнай назвай "Кампетэнтны суразмоўца", на які прымае прапановы ад жыхароў рэгіёну па павышэнні бяспекі на дарогах. За два месяцы гэтага года 67 чалавек падалі 132 ідэі або заўвагі, рэкамендацыі па арганізацыі руху і нават прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму. "Жыхары не абыякавыя, гэта цешыць. Нам гэта служыць падмогай. Бо мы не ўсё можам заўважыць, таму што не да кожнага кутка дабіраемся. Людзі нам падказваюць напрамкі, - адзначыў Уладзімір Назарка. - Кожную прапанову мы ацэньваем з выездам на месца, аналізуем. Усе вартыя ідэі з улікам заканадаўства і дапрацоўкі кампетэнтнымі органамі будуць увасоблены на тэрыторыі рэгіёну". У асноўным прапановы датычыліся арганізацыі "зялёнай хвалі" на магістральных вуліцах Віцебска, змены дарожнай разметкі, уладкавання паркавальных месцаў. Асобныя ідэі ўжо ўвасоблены ў жыццё або будуць у бліжэйшы час. Напрыклад, шмат пытанняў датычылася ўчастка Новааршанскай шашы паміж праспектам Будаўнікоў і вул. Воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Уладзімір Назарка паведаміў, што горадам распрацаваны цэлы праект добраўпарадкавання парку (за Палацам спорту). Работы ўключаюць і абсталяванне тратуароў, веладарожкі, асвятлення. Таксама па ініцыятыве ДАІ днямі завершаны рамонт трамвайнага палатна на ўчастках яго перасячэння аўтамабілямі па праспектах Фрунзе і Люднікава, а цяпер інспекцыя, па просьбе насельніцтва, будзе настойваць на першачарговых аналагічных работах на скрыжаванні ля плошчы Перамогі. Паколькі кожны грамадзянін павінен атрымаць адказ на сваё пытанне або прапанову, інспекцыя інфармуе аб выніках разгляду праз СМІ. Прычым грамадзянам паведамляецца не толькі вынік, але і тлумачацца прычыны, па якіх немагчыма або не мэтазгодна ўкараніць канкрэтную прапанову.
Кацярына Князева, БЕЛТА, фота з адкрытых крыніц.