Праект па развіцці бальнічнай клоўнады за кошт японскага гранта стартаваў у Віцебску

Проект по развитию больничной клоунады за счет японского гранта стартовал в Витебске

Першы трэнінг-семінар для будучых бальнічных клоўнаў прайшоў у Віцебску, даўшы пачатак рэалізацыі ў рэгіёне праекта Чырвонага Крыжа пры падтрымцы японскага фонду.

Праект Віцебскага абласнога аб'яднання Чырвонага Крыжа "Вясёлы доктар" па развіцці і распаўсюджванні сродкаў бальнічнай клоўнады, арт-тэрапіі і гульнятэрапіі ў рэабілітацыі і сацыялізацыі дзяцей, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні, выйграў грант Фонду імператрыцы Шокен (Японія). Першыя грошы з выдзеленых на праект 19 тыс. швейцарскіх франкаў (каля Br345 млн) пачалі паступаць. У Віцебску ўжо ёсць вопыт прымянення метадаў клоўнаўтэрапіі ў стацыянарнай лячэбнай установе. На працягу некалькіх гадоў валанцёрская група "Доктар Небаліць" працуе ў дзіцячай абласной клінічнай бальніцы, а таксама часам выязджае ў раёны.

"Кіраўніца гэтай групы Марына Мазырчук як раз і выступіла трэнерам на нашым першым семінары. Тут сабраліся 30 актыўных маладых валанцёраў Чырвонага Крыжа з Віцебска, Оршы, Полацка, Наваполацка і Гарадка. Навучыўшыся метадам клоўнацерапіі, арт- і гульняцерапіі, яны перададуць гэтыя веды іншым ахвотным у сваіх гарадах і створаць уласныя групы, якія будуць абменьвацца вопытам і працягваць удасканальвацца па прынцыпе "роўны навучае роўнага". Плануецца, што ў праекце ва ўказаных гарадах возьмуць удзел не менш за 80 валанцёраў", - патлумачыла каардынатар праекта Юлія Насеннік. Канечнай мэтай праекта з'яўляецца фарміраванне груп бальнічных клоўнаў, якія змогуць працаваць незалежна ад Чырвонага Крыжа і самастойна прыцягваць сродкі для сваёй дзейнасці. Мяркуецца, што на першым этапе яны будуць супрацоўнічаць з педыятрычнымі аддзяленнямі ў бальніцах сваіх гарадоў, але па паслугі клоўнацерапіі змогуць звяртацца і іншыя ўстановы аховы здароўя. "Першапачаткова для гэтага будуць заключацца пагадненні з Віцебскай абласной арганізацыяй БТЧК. Адное такое пагадненне ўжо заключана з абласным спецыялізаваным домам дзіцяці. На наступным тыдні нашы вучні разам з клоўнамі групы "Доктар Небаліт" адправяцца туды, каб убачыць прымяненне гульнявых методык на практыцы", - дадала Юлія Насеннік. Сродкі гранта выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі і навучання валанцёраў, арганізацыі PR-падтрымкі ў СМІ, а таксама набыцця расходных матэрыялаў для навучання і наступнай працы (фарбы, паветраныя шары і помпы, мыльныя бурбалкі, клоунская атрыбутыка, белыя халаты, наборы развіваючых гульняў, спартыўны інвентар). Тэрмін рэалізацыі праекта з-за затрымкі з выдзяленнем сродкаў скараціўся да паўгода. Фонд імператрыцы Шокен быў заснаваны ў 1912 годзе імператрыцай Японіі для садзейнічання гуманітарнай дзейнасці ў мірны час. Кожны год фонд прымае рашэнне аб прысуджэнні грантаў Нацыянальным таварыствам Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца на ажыццяўленне розных праектаў у такіх галінах, як павышэнне аператыўнай гатоўнасці да надзвычайных сітуацый, ахова здароўя, збор донарскай крыві, падтрымка моладзі і аказанне першай дапамогі.

Кацярына Князева, БЕЛТА.