Праект па ўдасканаленні работы службы занятасці рэалізуецца ў Віцебскай вобласці са шведскім бокам
Мэмарандум аб узаемаразуменні быў падпісаны яшчэ ў 2015 годзе. Асноўнай мэтай двухбаковых сустрэч і семінараў з'яўляецца абмен вопытам і інфармацыяй аб стане рынку працы, прагнозамі і кантактамі з наймальнікамі, а таксама ўмацаванне і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва.
– Швецыя рэалізуе падобнага роду праекты на працягу 30 гадоў, у тым ліку са шматлікімі былымі рэспублікамі СССР. У Беларусі мы паспяхова працуем не толькі з Віцебскай вобласцю, але і Гродзенскай, Мінскам, – распавёў кіраўнік праекта Пер Ліндберг, – і калі ў беларускай сістэме службы занятасці працуюць 800 чалавек, то ў Швецыі – 14 тысяч супрацоўнікаў. Мы з задавальненнем дзелімся нашымі напрацоўкамі і метадамі з партнёрамі.
Кіраўнік дэлегацыі Шведскай службы занятасці адзначыў працу беларускіх калег і ацаніў праект як паспяховы. Ён будзе рэалізоўвацца да чэрвеня 2019 года. Праца будзе ісці ў розных напрамках, у прыватнасці, падчас цяперашняга візіту дадзены старт ініцыятыве «Інфармацыйна-камунікацыйная стратэгія службы занятасці».
Таксама Пер Ліндберг і спецыяліст Шведскай дзяржаўнай службы занятасці Крысціна Давід азнаёміліся з формамі ўзаемадзеяння кадравых службаў прадпрыемстваў і арганізацый Віцебшчыны з камітэтам па працы, занятасці і сацабароне аблвыканкама.
Наталля Камлёва, "Віцебскія весці". Фота з адкрытых крыніц.