Праект па стварэнні нафтахімічнага комплексу на "Паліміры" патрабуе паўторнага аналізу - "Белнафтахім"

26 мая, Мінск /Мілена Ануфрыенак - БЕЛТА/. Праект па стварэнні новага нафтахімічнага комплексу на заводзе "Палімір" патрабуе паўторнага аналізу. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Браніслаў Сівы, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Прадстаўнік канцэрна адзначыў, што запланаваны раней праект патрабуе ўкладання вялікіх сродкаў і на сённяшні дзень з'яўляецца вельмі рызыкоўным. "У цяперашні час магутнасці па вытворчасці поліпрапілена, поліэтылену нізкага ціску ствараюцца ў Блізкаўсходнім рэгіёне з аб'ёмамі выпуску прадукцыі ў мільёны тон", - сказаў ён. Канкураваць з такімі магутнымі вытворчасцямі "Паліміру" будзе складана. "Трэба яшчэ раз падабраць кансалтынгавую кампанію, каб вызначыць перспектывы развіцця завода ў цяперашніх умовах", - дадаў Браніслаў Сівы. "Нам трэба разабрацца, што будзе з рынкам у найбліжэйшай перспектыве, з цэнамі на хімічную прадукцыю, і пасля гэтага рабіць прагнозы па тым ці іншым варыянце рэканструкцыі", - працягнуў намеснік старшыні "Белнафтахіма". Паводле яго слоў, пры пошуку інвестара ў развіццё "Паліміра" прыярытэтным з'яўляецца не столькі прыцягненне фінансавання, колькі гарантаваныя пастаўкі сыравіны. У сувязі з гэтым вяліся і працягваюцца перамовы з кампаніямі "Лукойл", "Раснафта". Па словах Браніслава Сівога, пытанне прыцягнення стратэгічнага інвестара, які забяспечыць гарантаваныя пастаўкі сыравіны, з'яўляецца актуальным і для іншых прадпрыемстваў "Белнафтахіма". У прыватнасці, вядуцца перамовы з расійскай кампаніяй "ЕўраХім" па яе ўдзеле ў развіцці ААТ "Гомельскі хімічны завод". Прапрацоўваецца магчымасць прыцягнення стратэгічнага інвестара ў ААТ "Гродна Азот". -0-