Праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2010 год будзе прадстаўлены Прэзідэнту да 1 кастрычніка
23 верасня, Ворша /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2010 год будзе прадстаўлены на разгляд Прэзідэнта Беларусі да 1 кастрычніка. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. Ён знаёміцца з ходам тэхнічнага пераўзбраення Аршанскага льнокамбіната.
Праект прадугледжвае два шляхі развіцця эканомікі: збалансаваны, базавы варыянт, які прадугледжвае тэмп росту валавога ўнутранага прадукту на ўзроўні 102-103%, і абнадзейлівы, перспектыўны - на ўзроўні 110-111%.
"Развіццё беларускай эканомікі будзе залежаць ад актыўнасці сусветных рынкаў", - растлумачыў Сяргей Сідорскі. Сёння многія дзяржавы, у тым ліку Расія і ЗША, заявілі аб тым, што яны выходзяць з крызісу. Выхад з крызісу дазваляе разлічваць ураду на ажыўленне рынкаў і сусветнай эканомікі ў цэлым, такім чынам, на павелічэнне экспарту беларускай прадукцыі.
Яшчэ адным фактарам для аптымістычнага развіцця эканомікі Беларусі стане асваенне новых рынкаў збыту, упэўнены Сяргей Сідорскі. "Мы пераконваемся, што на рынках трэціх краін - у Афрыцы, Азіі - ёсць нішы, дзе беларуская прадукцыя запатрабавана", - сказаў ён. Напрыклад, на Афрыканскім кантыненце неабходна да 50 тыс. трактароў. Фактычна ўся праграма трактарнага завода можа быць прададзена, растлумачыў прэм'ер-міністр. Сапраўды такія ж патрэбы ў тэхніцы БелАЗа, МАЗа і іншых флагманаў. "Гэта новыя перспектывы, і іх трэба паскорана развіваць, трэба рухацца хутчэй. Ад таго, як мы развернемся на гэтых кантынентах, замацуемся, таксама будзе залежаць развіццё эканомікі", - падкрэсліў ён.-0-