Праект «Разам працуем, разам спяваем!» прыйшоў у вытворчыя цэхі вядучых аршанскіх прадпрыемстваў
Госцяў прывітаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Міхно.
Дырэктар «Чырвонага бальшавіка» Віталь Круцько адзначыў, што такія акцыі, як «Марафон адзінства», надаюць энергію і натхняюць на новыя здзяйсненні.
– Тое, што наш завод стаў адной з кропак марафону, сведчыць пра вялікую павагу да галіны машынабудавання і пра каштоўнасць працы нашых работнікаў, – сказаў кіраўнік. – Мы ўдзячныя арганізатарам мерапрыемства за магчымасць расфарбаваць працоўныя будні людзей, паслухаць і пагутарыць з папулярнымі беларускімі выканаўцамі, застаючыся пры гэтым на працоўным месцы. Праект «Разам працуем, разам спяваем!» даказвае, што ў Беларусі цэняць працу кожнага чалавека. Думаю, ён будзе спрыяць яшчэ большаму згуртаванню нашага калектыву аднадумцаў. Мы ганарымся сваёй краінай, паважаем традыцыі і поўныя жадання дзейнічаць і развівацца на карысць роднай Аршаншчыны і Беларусі.
Не хаваў эмоцый самы вопытны шліфавальшчык завода Аляксандр Шынкевіч.
– За 52 гады працы на прадпрыемстве такое бачу ўпершыню. У цэху абсталявалі сцэну, паставілі святло. Усё, як на сапраўдным канцэрце. Складана словамі перадаць атмасферу таго, што адбываецца. Гэта – узрушальна! – сказаў ён. – Гутарка з артыстамі, іх выступленне напоўнілі асаблівай энергетыкай. Настрой цудоўны, адчуваю сябе нібы на свяце. Напэўна, такія праекты і ёсць свята, якое дае магчымасць усвядоміць, што мы на многае здольныя разам.
Не ўпершыню выступае ў Оршы Уладзімір Громаў.
- Вось такія цэхавыя канцэрты - узрушальныя, жывыя. Гэта той рэальны сектар эканомікі, які робіць нашу краіну лепшай і прыгажэйшай. Гэта тое, што можна "памацаць", паглядзець. Дзіву даешся, што ў нас ёсць такія людзі, такія вытворчасці.
Інжынер па падрыхтоўцы вытворчасці Надзея Цяпова танцавала і спявала разам з артыстамі.
– Ідэя вельмі класная! Вельмі душэўна, ярка, крэатыўна! Так у нас яшчэ не запальвалі! Сярод напружанага працоўнага дня гэты канцэрт – сапраўдная аддушына, магчымасць адчуць сябе адной вялікай дружнай сям'ёй, – прызналася дзяўчына. – Мне прыемна стаць часткай такога праекта. Уражанні – самыя лепшыя. Дзякуй арганізатарам свята.