Праект тэхнічнай дапамогі ЕС "Суседская дарога" будзе рэалізаваны ў Віцебскай вобласці

12 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Праект тэхнічнай дапамогі ЕС "Суседская дарога" будзе рэалізаваны ў Віцебскай вобласці. Дэпутаты Віцебскага аблсавета на пазачарговай сесіі прынялі рашэнне аб удзеле вобласці ў яго сафінансаванні, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як растлумачыў дэпутатам намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанцін Чорны, праект прадугледжвае правядзенне работ па паляпшэнні дарожнай інфраструктуры на прыгранічным беларуска-латвійскім участку аўтадарогі Каплава-Плюсы. Тут прадугледжваецца пашырыць праезную частку, пабудаваць так званыя "карманы" - часовыя стаянкі транспарту. Даўжыня рэканструюемага ўчастка з беларускага боку складзе 1,5 км. У адпаведнасці з умовамі аказання тэхнічнай дапамогі Віцебская вобласць возьме на сябе 10% фінансавых затрат, астатнюю частку аплаціць Еўрасаюз. Неабходнасць уладкавання гэтага ўчастка прыгранічнай дарогі абумоўлена тым, што ў сувязі з уступленнем у дзеянне пагаднення аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў прыгранічных тэрыторый Беларусі і Латвіі, якое прадугледжвае спрошчаны парадак перасячэння дзяржаўнай мяжы жыхарамі прыгранічных тэрыторый, значна павялічыўся паток грамадзян, якія перамяшчаюцца праз пункты спрошчанага пропуску.-0-