Праект указа аб узнагароджанні пяці населеных пунктаў вымпелам за мужнасць і стойкасць у гады ВАВ падрыхтаваны ў Беларусі
7 красавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Міністэрства абароны Беларусі падрыхтавала праект указа аб узнагароджанні пяці населеных пунктаў вымпелам "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны". Аб гэтым паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Патупчык сёння на чацвёртым пасяджэнні Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 65-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сярод гэтых населеных пунктаў - гарады Лепель, Пінск, Рагачоў і гарадскія пасёлкі Сураж і Росаны.
Уладзімір Патупчык падкрэсліў, што ў Беларусі пастаянна праводзіцца работа па увекавечанні памяці загінуўшых. Усе вядомыя воінскія пахаванні пастаўлены на дзяржулік. Па рашэнні мясцовых органаў улады за воінскімі пахаваннямі замацаваны прадпрыемствы, установы адукацыі, воінскія часці для догляду і добраўпарадкавання. Па выніках правядзення рэспубліканскага суботніка частка заробленых грашовых сродкаў будзе выкарыстана для рамонту і рэстаўрацыі помнікаў, мемарыяльных комплексаў, брацкіх магіл.
"Адным з галоўных напрамкаў нашай дзейнасці павінна быць патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, - адзначыў Уладзімір Патупчык. - Патрэбна актыўная работа ў гэтым напрамку моладзевых грамадскіх арганізацый, устаноў адукацыі".
"Сёння нам надзвычай важна захаваць у памяці цяперашніх і будучых пакаленняў подзвігі ветэранаў вайны і тую высокую цану Перамогі, якую яны заплацілі за свабоду не толькі нашай краіны, але і іншых дзяржаў свету", - сказаў віцэ-прэм'ер.-0-