Праект ВДМУ па здароўезберажэнні атрымаў залаты медаль конкурсу «Брэнд года – 2016»
Ганаровую узнагароду аўтарам і ўдзельнікам сацыяльнай ініцыятывы на ўрачыстым сходзе з нагоды падвядзення вынікаў года ВДМУ уручыў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, рэктар ВНУ Анатоль Шчасны.
– Партнёрамі дадзенага міжвузаўскага праекта таксама з'яўляюцца галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва аблвыканкама, Беларускае рэспубліканскае геранталагічнае грамадскае аб'яднанне і Віцебскае аддзяленне беларускай гандлёва-прамысловай палаты, – распавяла дэкан народнага факультэта «Здароўезберажэнне», загадчыца кафедры медыцынскай рэабілітацыі кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Таццяна Аленская (на фота). – У рамках Года культуры мы зрабілі акцэнт на этнарэабілітацыю, бо беларуская мова, народны танец, нацыянальныя традыцыі і рамёствы, да прыкладу, ткацтва, лоза- і саламапляценне, могуць выступаць у ролі сродкаў эргатэрапіі. Мы правялі сумесныя мерапрыемствы з майстрамі народнай творчасці Культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо Віцебска «Дзвіна», умельцамі з Оршы, спецыялістамі Дома культуры Гарадка, удзельнічалі ў кірмашах і майстар-класах, дзе разглядалі агульнасць культуры здароўя Беларусі і Расіі, а таксама традыцыйнай медыцыны Кітая.
Таццяна Леанідаўна адзначыла, што галоўная мэта праекта і ў цэлым працы факультэта – матываваць людзей весці здаровы лад жыцця, на практыцы пазнаёміць з сучаснымі дыягнастычнымі і аднаўленчымі тэхналогіямі. Зараз на базе ВДМУ навучаецца група людзей старэйшага ўзросту, але распрацоўваецца і праграма для слухачоў з катэгорыі працаздольнага насельніцтва.
Акрамя залатога медаля «Брэнд года — 2016», факультэт «Здароўезберажэнне» таксама
атрымаў Гран-пры ў намінацыі «Валанцёрства ў ЗЛЖ» за медыка-сацыяльны праект «Санторый на даму». Поспехі кафедры медыцынскай рэабілітацыі, на базе якой рэалізуюцца гэтыя ініцыятывы, былі адзначаны і кіраўніцтвам універсітэта: у 2016-м яе калектыў стаў пераможцам у намінацыі «Кафедра года».Падводзячы вынікі работы БДМУ ў 2016 годзе, рэктар Анатоль Шчасны ўзнагародзіў лепшых выкладчыкаў, студэнтаў, супрацоўнікаў і структурныя падраздзяленні ВНУ, а таксама ўручыў сертыфікаты пераможцам унутрыўніверсітэцкага стартап-гранту для маладых вучоных.
Уладальнікам ганаровага звання «Чалавек 2016 года» па версіі БДМУ стаў загадчык вучэбнага цэнтра практычнай падрыхтоўкі і сімуляцыйнага навучання Віктар Рэндзенка. Вучонымі года ва ўніверсітэце прызнаны дэкан лячэбнага факультэта, прафесар кафедры нармальнай фізіялогіі Ірына Гарадзецкая і загадчык кафедры тэрапіі №1 ФПК і ПК Уладзіслаў Падпалаў.
Лепшым вынаходнікам ВНУ назвалі дацэнта кафедры стаматалогіі дзіцячага ўзросту і чэрапна-тваравай хірургіі Арыну Кабанаву, якая распрацавала новы спосаб рэканструкцыі хейлапластыкі пры прыроджанай парэстэзіі верхняй губы. Сярод маладых даследчыкаў пераможцам стала дацэнт кафедры фармакагнозіі з курсам ФПК і ПК Наталля Каражан, якая абгрунтавала прымяненне чарады і на яе аснове стварыла новы камбінаваны сродак з супрацьалергічнай актыўнасцю і імунамадулюючым дзеяннем.
– 2017-ы ў нашай краіне абвешчаны Годам навукі. Я думаю, гэта дазволіць не толькі павысіць прэстыж навуковага работніка, але і вырашыць важныя сацыяльна-эканамічныя задачы. Спадзяюся, што ў будучыні вучоныя стануць візітнай карткай Беларусі, – падкрэсліў Анатоль Шчасны.
Наталля Камлёва. Фота Дзмітрыя Восіпава. «Віцебскія весці».