Праект «Разам супраць дзіцячага траўматызму» стартуе ў Віцебскай вобласці

Пра гэта паведамілі на пашыраным пасяджэнні прэзідыума Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа па выніках дзейнасці ў мінулым годзе і планаў на 2017-ы.

Па словах яе старшыні арганізацыі, дэпутата абласнога Савета дэпутатаў Галіны Жаланавай, новая ініцыятыва дапоўніць 18 праграм і праектаў рознай сацыяльнай накіраванасці, якія паспяхова рэалізаваны на працягу мінулага года. Яна стартуе ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, заахвочванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» (Белмед), на яе ажыццяўленне ЕС выдзяляе 60 тыс. еўра.

Разам з партнёрамі – абласным дзіцячым клінічным цэнтрам і абласным цэнтрам псіхіятрыі і наркалогіі – арганізацыя Чырвонага Крыжа на працягу 18 месяцаў будзе ўзмоцнена працаваць па прадухіленні дзіцячага траўматызму з сем'ямі груп рызыкі, якія пражываюць у паўночнай сталіцы і Віцебскім раёне.

Прычым навучаць плануюць не толькі школьнікаў, але і іх бацькоў – новым падыходам стварэння бяспечнага асяроддзя для дзяцей, выбудоўвання адносін паміж пакаленнямі, каб дзеці не заставаліся без нагляду, бо часта непаўналетнія атрымліваюць траўмы з-за недагляду дарослых.

Тэма дзіцячага траўматызму вельмі актуальная, пацвярджэнне таму – медыцынская статыстыка: за мінулы год праз траўмпункт дзіцячай бальніцы прайшло каля 14 тыс. пацыентаў, праз хірургічнае аддзяленне – амаль 11 тыс.

У сакавіку стартуюць першыя заняткі па навучанні спецыялістаў, затым будуць уключацца дзеці і іх сем'і.

Наталля Рыжкова, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.