Праекты па нанатэхналогіях у тэкстыльнай галіне ствараюцца ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце

24 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Спецыялісты Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (ВДТУ) распрацоўваюць спецыяльныя тэкстыльныя матэрыялы з нанапакрыццём з металаў, якое надае розныя ўласцівасці тканінам. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старэйшы выкладчык кафедры "Прадзенне натуральных і хімічных валокнаў" універсітэта, кандыдат тэхнічных навук Яўген Замастоцкі. У аснову даследчай работы пакладзены ўнікальныя ўласцівасці металічных нанаматэрыялаў, якія забяспечваюць тканінам зададзеныя ўласцівасці. Так, пры нанясенні нанапакрыцця з дыяксіду тытана можна дасягнуць фотакаталiтычнага эфекту - паверхня тэкстылю з такім нанапакрыццём пачынае самаачышчацца і пра барацьбу з цяжкавыводнымі плямамі можна забыцца. Тканіна пасля нанясення пакрыцця свабодна прапускае паветра. Пакрыццё ўстойлівае да працяглага трэння, не псуецца ад тэмпературы і мыцця. Наначасціцы металаў таксама валодаюць шэрагам унікальных уласцівасцей, сярод якіх асаблівую цікавасць уяўляе здольнасць нанапакрыцця адлюстроўваць інфрачырвонае выпраменьванне. "У ходзе даследаванняў нам удалося атрымаць узоры васьмі відаў тканін з нанапакрыццём з металаў, у тым ліку з медзі, алюмінію, нержавеючай сталі, працягваем працу з нанапакрыццём з аксіду цынку і дыяксіду тытана", - сказаў Яўген Замастоцкі. Пакуль спецыялісты віцебскай ВНУ працуюць з трыма ўласцівасцямі новых матэрыялаў - антыстатычным, экранавальным і антыбактэрыяльным, прапрацоўваюць магчымасць іх прымянення. Акрамя таго, у інавацыйным партфелі віцебскіх спецыялістаў праекты ў галіне стварэння электраправодных нітак, здольных награвацца. "Увядзенне ў структуру камбінаванай ніткі вугляроднага стрыжня, які мы пакрываем палімернымі матэрыяламі, дазваляе забяспечваць падагрэў вырабу, выкананага з тканіны з камбінаванай вугляроднай ніткай", - растлумачыў Яўген Замастоцкі. Пры гэтым да такой тканіны неабходна забяспечыць падачу электрычнага току. Тканіна з падагравальнікам можа быць запатрабавана пры вытворчасці спецадзення для працы пры нізкіх тэмпературах, а таксама для выпуску абутку з падагравальнікам і грэлак. Даследчыя работы супрацоўнікаў ВДТУ ў галіне нанатэхналогій праводзяцца пад кіраўніцтвам доктара тэхнічных навук, прафесара Аляксандра Когана па заданні канцэрна "Беллегпрам".-0-