Праекты ў энергетыцы і машынабудаванні перспектыўныя для віцебскага і чэшскага бізнесу
1 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сумесныя праекты ў хімічнай прамысловасці, энергетыцы, машынабудаванні і сферы развіцця гарадскога транспарту могуць стаць перспектыўнымі напрамкамі супрацоўніцтва віцебскіх і чэшскіх бізнесменаў. Пра гэта паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, намеснік міністра прамысловасці і гандлю Чэшскай Рэспублікі Мілан Говорка. Ён узначальвае дэлегацыю чэшскіх дзелавых колаў падчас аднадзённага візіту ў Віцебск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле ацэнкі чэшскага намесніка міністра, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Чэхіяй развіваецца дынамічна, дасягнуўшы піку ў 2008 годзе, калі таваразварот паміж краінамі перавысіў $400 млн. Пры гэтым значны патэнцыял для пашырэння і паглыблення ўзаемных адносін мае развіццё кантактаў паміж рэгіёнамі дзвюх краін. Менавіта па гэтай прычыне ўпершыню чэшская дэлегацыя, у якую ўвайшлі прадстаўнікі буйных прадпрыемстваў, здзяйсняе сёння візіт у адну з абласцей Беларусі. Віцебская вобласць выбрана не выпадкова. "Гэта адзін з самых буйных прамысловых рэгіёнаў Беларусі, некаторыя чэшскія кампаніі ўжо прысутнічаюць тут, - сказаў Мілан Говорка. - І мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве па стварэнні гідраэлектрастанцый, развіцці гарадскога транспарту, у сферы машынабудавання і іншых галінах".
У такой сітуацыі галоўная задача кіраўніцтва дзвюх краін заключаецца ў стварэнні спрыяльных умоў для развіцця сумеснай дзейнасці беларускіх і чэшскіх бізнесменаў, лічыць намеснік міністра. У немалой ступені гэтаму будзе спрыяць падпісанае міжурадавае пагадненне па эканамічным супрацоўніцтве. Першае пасяджэнне міжурадавай камісіі прайшло ў красавіку гэтага года ў Брно, а другое па ўзаемнай дамоўленасці вырашана правесці ў Беларусі.
Чэшская дэлегацыя прыняла ўдзел у бізнес-сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавой супольнасці Віцебскай вобласці. Падчас мерапрыемства адбыліся прэзентацыі Віцебскага рэгіёну, інвестыцыйных магчымасцей СЭЗ "Віцебск", а таксама турыстычнага патэнцыялу паўночна-заходняга краю Беларусі. У складзе дэлегацыі Чэшскай Рэспублікі былі кіраўнікі банкаўскіх і страхавых структур, прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца ў энергетычнай, будаўнічай, хімічнай сферах.-0-