Праекты ў сацыяльнай і эканамічнай сферах стануць асновай супрацоўніцтва Віцебска і Пскова
25 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рэалізацыя сумесных праектаў у сацыяльнай, культурнай і эканамічнай сферах стане асновай супрацоўніцтва Віцебска і Пскова на бліжэйшыя два гады. Аб гэтым паведаміў журналістам кіраўнік расійскага горада Іван Цецерскі, каментуючы дагавор аб супрацоўніцтве паміж Віцебскам і Псковам на 2010-2011 гады, падпісаны сёння ў Віцебску ў ходзе міжнароднага інвестыцыйнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дагавор аб пабрацімскіх сувязях паміж беларускім і расійскім гарадамі быў падпісаны ў 2004 годзе, і прыйшоў час напоўніць яго змест новымі ідэямі і праектамі з улікам назапашанага вопыту партнёрства, адзначыў кіраўнік Пскова.
Новы дакумент прадугледжвае развіццё супрацоўніцтва па шырокім спектры напрамкаў, у тым ліку ўдзел дэлегацый Пскова і Віцебска ў розных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў беларускім і расійскім гарадах, арганізацыю сумесных адукацыйных і культурных праектаў, узаемадзеянне ў эканамічнай сферы. Ужо ў маі, па словах Івана Цецерскага, плануецца арганізаваць візіт у Віцебск дэлегацыі Пскова, у якую ўвойдуць прадстаўнікі гарадской адміністрацыі і дэпутацкага корпуса, кіраўнікі розных гарадскіх службаў.
Акрамя таго, Іван Цецерскі перадаў старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктару Нікалайкіну запрашэнне для дзіцячых мастацкіх калектываў прыняць удзел у пскоўскім выставачны праекце, прысвечаным 65-годдзю Перамогі.
У ходзе інвестыцыйнага форуму былі падпісаны таксама пратаколы намераў паміж Віцебскім гарвыканкамам і ТАА "Вербант Інвестментс Лімітэд" аб будаўніцтве шматфункцыянальнага гандлёвага цэнтра, а таксама паміж гарвыканкамам і ТАА "ЛідэрСтройПраект", якое плануе ўзвесці ў абласным цэнтры гасцініцу з рэстаранам і культурна-аздараўленчым комплексам. Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Полацкім гарвыканкамам і ІП "Лукойл-Беларусь" прадугледжвае развіццё аўтазаправачнага і прыдарожнага сэрвісу ў райцэнтры.
У рабоце міжнароднага інвестыцыйнага форуму ў Віцебску прымаюць удзел прадстаўнікі 11 краін. Прадпрыемствы і арганізацыі рэгіёну прапануюць інвестарам каля 150 праектаў з агульным аб'ёмам інвестыцый больш за $650 млн.-0-