Прафесіяналізм кадраў, стварэнне мясцовых брэндаў і працу СМІ ў Год малой радзімы абмеркавалі ідэолагі вобласці ў Полацку
Полацк, як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў, месцам правядзення мерапрыемства быў абраны невыпадкова. Мінулы год для найстаражытнейшага горада нашай краіны выдаўся багатым на маштабныя культурныя падзеі. На годным узроўні тут правялі святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і Дня беларускага пісьменства.
Генадзь Ягораў зрабіў акцэнт на якасным удасканаленні ідэалагічнай работы. У сувязі з гэтым важным напрамкам з'яўляюцца сістэмная падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў і іх рэзерву. Працэс навучання павінен быць бесперапынным і мэтанакіраваным, а галоўным яго вынікам – згуртаваная каманда прафесіяналаў, дзе веды, вопыт і энергія кожнага служаць агульнай справе, спрыяюць вырашэнню канкрэтных праблем жыццядзейнасці рэгіёнаў з мэтай павышэння ўзроўню жыцця людзей.
Падрабязна прааналізавана работа рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Адзначалася, што ў цэлым яны выконваюць вядучую ролю ў фарміраванні грамадскай думкі, забяспечваючы правядзенне дзяржаўнай палітыкі, прадастаўляючы насельніцтву дакладную інфармацыю.
Начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Беларусі Таццяна Хмель заклікала журналістаў больш актыўна падтрымліваць беларускае слова, часцей звяртацца да краязнаўчай тэматыкі.
Арганізацыі сферы культуры Віцебшчыны за мінулы год правялі звыш 120 тысяч масавых мерапрыемстваў, рэалізавалі яркія творчыя праекты. Культурнае супрацоўніцтва ажыццяўлялася з 42 краінамі. 142 выканаўцы і калектывы сталі пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, 6 чалавек унесены ў Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Шырокое поле дзейнасці ўстановы культуры атрымліваюць у Год малой радзімы, адзначыла першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. Кожны раён павінен абзавесціся сваім брэндам, заснаваным на мясцовых абрадах, звычаях, традыцыях. Выконваючы духоўныя абавязкі перад землякамі, вядомыя артысты паедуць з канцэртамі ў родныя пасёлкі і вёскі, а лепшыя творчыя сілы з глыбінкі будуць прыцягвацца для ўдзелу ў рэспубліканскіх святах.
– Усё яркае, самабытнае, незвычайнае, як правіла, бярэ пачатак на малой радзіме, – сказала Ірына Дрыга.
Ключавыя задачы на бліжэйшую будучыню вызначыў начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Ільясевіч. Выконваючы палажэнні Дэкрэта №1, важна актыўна ўключыцца ў працу па максімальным садзейнічанні грамадзянам у працаўладкаванні, вывучыць рэальную сітуацыю з пункту гледжання кожнага чалавека, дапамагаць тым, хто апынуўся ў цяжкай сітуацыі. На старонках перыядычных выданняў, па словах Аляксандра Ільясевіча, годнае месца варта адводзіць людзям працы, паказваць іх заслугі і імкненне зрабіць нашу краіну прыгажэйшай. Пастаянна ў полі зроку павінна быць тэма падрыхтоўкі да правядзення II Еўрапейскіх гульняў. Год малой радзімы прадугледжвае не толькі ініцыятывы па добраўпарадкаванні кожнага кутка роднай зямлі, але і шырокую праграму выхаваўчых мерапрыемстваў па фарміраванні ў моладзі пачуцця патрыятызму, прылучэнні яе да вытокаў сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
Падводзячы вынікі размовы, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін выказаў упэўненасць у тым, што ў Год малой радзімы кожны жыхар Віцебшчыны прыме пасільны ўдзел у развіцці таго месца, дзе ён нарадзіўся і вырас. Уладзімір Пятровіч парэкамендаваў СМІ размяшчаць больш матэрыялаў пра жыццё людзей, адлюстроўваць актуальныя праблемы і не баяцца крытыкі, якую, несумненна, павінны аб'ектыўна ўспрымаць мясцовыя ўлады.
На пасяджэнні калегіі адбылося ўзнагароджанне работнікаў ідэалагічнай вертыкалі, якія дасягнулі высокіх вынікаў.
Уладзімір Пянін уручыў прэміі за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва. Лепшымі ў сваіх намінацыях прызнаны Аршанская дзіцячая школа мастацтваў №1, Гарадоцкая цэнтральная бібліятэка, Цэнтр культуры горада Наваполацка, Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, Лёзненскі Дом рамёстваў, Міёрская дзіцячая бібліятэка, Бігосаўскі сельскі Дом культуры Верхнядзвінскага раёна, Друеўская бібліятэка Браслаўскага раёна.
Завяршылася ўрачыстая цырымонія творчай справаздачай устаноў культуры Полацкага раёна. Тэатралізаваная праграма прадэманстравала багаты стваральны патэнцыял рэгіёна, любоў жыхароў да свайго роднага краю, да нашай гісторыі і сучаснасці.