Прафесійны клуб "Настаўнік года" аб'яднае педагогаў-наватараў Віцебскай вобласці

17 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прафесійны клуб "Настаўнік года" упершыню аб'яднае педагогаў-наватараў і маладых перспектыўных спецыялістаў устаноў адукацыі Віцебскай вобласці для абмену вопытам і падтрымкі творчых ініцыятыў. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА метадыст аддзела інавацыйнага развіцця абласнога інстытута развіцця адукацыі Любоў Віленчык. Ініцыятарам аб'яднання спецыялістаў у нефармальны прафесійны клуб выступіў абласны інстытут развіцця адукацыі. Асноўнымі мэтамі стварэння клуба з'яўляюцца павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, арганізацыя адкрытых прафесійных зносін калег, распаўсюджванне перадавога вопыту і інавацыйных распрацовак педагогаў вобласці, а таксама развіццё творчых ініцыятыў спецыялістаў сістэмы адукацыі. Акрамя таго, па задуме ініцыятараў дзейнасць клуба будзе накіравана на павышэнне сацыяльнай значнасці конкурсу "Настаўнік года" і актыўнае прыцягненне маладых таленавітых настаўнікаў у конкурсны рух. Мяркуецца, што членамі клуба стануць пераможцы і лаўрэаты абласнога і рэспубліканскага конкурсаў прафесійнага майстэрства "Настаўнік года", метадычныя работнікі, вопытныя педагогі і маладыя спецыялісты з усіх раёнаў вобласці. У межах клуба плануецца арганізаваць лабараторыю па распрацоўцы педагагічных праектаў і дыдактычных сістэм, майстэрню "Сімфонія сучаснага ўрока", пакой псіхалагічнай разгрузкі. У перспектыве прадугледжваецца стварэнне педагагічных студый перадавых настаўнікаў, арганізацыя правядзення адкрытых урокаў, "параду майстар-класаў", падчас якіх настаўнікі-наватары будуць прэзентаваць свае напрацоўкі і інавацыйныя методыкі працы. Асноўную ўвагу члены клуба маюць намер надаць падтрымцы як найбольш таленавітых спецыялістаў, так і маладога пакалення настаўнікаў. "Сёння вельмі важна дапамагчы маладым педагогам граматна выбудаваць прафесійную кар'еру, удасканальваць майстэрства, у тым ліку шляхам перадачы інавацыйнага вопыту лепшых прадстаўнікоў прафесіі", - адзначыла Любоў Віленчык. Менавіта таму значнае месца ў рабоце клуба будзе нададзена пытанням падрыхтоўкі маладых перспектыўных педагогаў да ўдзелу ў конкурсе "Настаўнік года". На першым арганізацыйным сходзе клуба, які запланаваны на 18 лютага, мяркуецца выбраць старшыню, сфарміраваць савет клуба і яго творчыя рабочыя групы, якія будуць аб'ядноўваць энтузіястаў у раёнах. Магчыма, у клуба з'явіцца і новая назва, якая больш ёміста і вобразна будзе адлюстроўваць яго асноўнае прызначэнне, дадала Любоў Віленчык.-0-