Прафесійнае свята адзначыць землеўпарадкавальная служба Віцебскай вобласці
Па словах начальніка ўпраўлення землеўпарадкавання аблвыканкама Ігара Левенкова, асноўны абавязак спецыялістаў структуры – кантроль за выкарыстаннем і аховай земляў.
Спецыялістамі службы ажыццяўляўся кантроль за належным станам участкаў уздоўж аўтамабільных дарог. У паласе адвода дрэвава-хмызняковая расліннасць высечана і скарчавана на плошчы 180 га. За неналежнае ўтрыманне тэрыторый уздоўж дарог выдадзена 175 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў.
У сельскіх населеных пунктах Віцебшчыны было знесена амаль 470 старых і пустуючых дамоў, па 411 участках сельвыканкамамі прыняты рашэнні па далейшым выкарыстанні. З аўкцыёну прададзена 122 зямельныя надзелы, у тым ліку 94 – для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. Найбольшая колькасць у Віцебскім, Браслаўскім, Аршанскім і Лепельскім раёнах. Асобам, якія жадаюць набыць зямлю праз аўкцыён для ўзвядзення ўласнага жылля, прапануецца 224 участкі. З пералікам можна азнаёміцца на сайтах гаррайвыканкамаў.
Калектыў упраўлення землеўпарадкавання аблвыканкама (на фота) віншуе з прафесійным святам калег, якія выконваюць самыя розныя задачы ў сферы ўдасканалення зямельных адносін, вырашэння пытанняў развіцця эканомікі, інвентарызацыі і ацэнкі нерухомасці. Асаблівых слоў вартыя ветэраны службы, якія ўнеслі значны ўклад у захаванне асноўнага багацця нашай краіны для наступных пакаленняў.
У 2019-м за неапрацаваныя сельскагаспадарчыя землі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 44 службовыя і 17 юрыдычных асоб. У межах навядзення парадку на зямлі ў сельгасабарот уцягнута 547 га.