Прафесар Антон Ятусевіч: пра сям'ю, навуку і пра тое, што агульнага ў віцебскіх ветэрынараў з нобелеўскім лаўрэатам
Даведка «ВВ»: Антон Іванавіч Ятусевіч – доктор ветеринарных наук, профессор, академик Российской академии наук, академик Петровской академии наук и искусств, Международной академии аграрного образования, Международной академии информационных технологий, заслуженный деятель науки Республики Беларусь, обладатель многочисленных отечественных и международных наград и премий. Биография профессора включена в мировой каталог протозоологов, а также международные справочники выдающихся деятелей, изданный в США и Англии.
Антон Ятусевіч, апроч таго, што з'яўляецца бачным вучоным, яшчэ і даволі медыйная персона. Калегі часта звяртаюцца да яго за аўтарытэтным меркаваннем і каментарамі па найбольш актуальных пытаннях як у сельскагаспадарчай галіне, так і ў сферы адукацыі. Апошнім часам Антон Іванавіч асабліва запатрабаваны журналістамі: 2 студзеня ён адзначыў 70-годдзе, а ў канцы мінулага года пакінуў пост рэктара ветэрынарнай акадэміі і засяродзіўся на навукова-педагагічнай дзейнасці. Напярэдадні прафесійнага свята айчынных мысліцеляў і даследчыкаў карэспандэнт «Віцебскіх вестак» сустрэлася з легендай беларускай ветэрынарнай навукі.
Пра навуку, вышэйшую адукацыю і светлыя галовы
– Антон Іванавіч, указам Прэзідэнта 2017-ы ў Беларусі абвешчаны Годам навукі. Што для вас навука?
– Гэта ўсё. Дзякуючы ёй я апынуўся тут, у вучэбнай установе. Будучы студэнтам, трапіў у добрыя рукі да выдатных выкладчыкаў. Дацэнт Аляксандр Фёдаравіч Мандрусаў і прафесар ПраскоўяСцяпанаўна Іванова мяне вяла з малодшых курсаў да 5-га. Я тады выканаў добрую дыпломную працу якраз па паразіталогіі, потым яна практычна без змен ператварылася ў кандыдацкую дысертацыю. Справа была новая, малавывучаная. Практыку праходзіў у калгасе ім. Чырвонай Арміі, там была птушкаферма, шмат цыплят гінула. Спецыялісты доўга не маглі разабрацца ў прычынах. Я ўжо меў пэўны досвед працы ветфельчарам, у нейкай ступені дапамагла і цесная сувязь з вучонымі. У выніку праблему ўдалося вырашыць. Пасля ВНУ працаваў у гаспадарцы галоўным ветурачом, але навука ўсё ж узяла верх.
– Што трэба, каб стаць добрым вучоным? Ці можна выхаваць у сабе даследчыка, ці гэта пэўны талент, адораванасць?
– У першую чаргу патрэбна добрая галава на плячах. Без яе нічога не створыш (усміхаецца – заўв. аўт.). Узяць хоць бы мой прыклад: васьмігодку скончыў з падзячным лістом, гэта практычна тое ж самае, што і залаты медаль, тэхнікум і інстытут скончыў з адзнакай. І проста так ацэнкі ніколі не ставілі.
– Ведаю, што вы цалкам маглі пайсці ў педагогіку.
– Была такая гісторыя. Я сам пасляваенны, у той час школе вельмі патрэбны былі настаўнікі, у педагогіку забіралі лепшых. Калі дырэктар школы даведаўся, што я сабраўся ехаць у сельгастэхнікум, не хацеў аддаваць атэстат: пераконваў пайсці ў педвучэльню. Гэта зараз там, дзе я нарадзіўся, няма школы, а тады практычна ў кожнай вёсцы быў навучальны заклад, як мінімум чатырохлетка.
– Тады і ў вышэйшай адукацыі статус быў іншы…
– Інжынер, лекар ці настаўнік успрымаліся як людзі з вялікай літары. Зараз далёка не так, я кардынальна не згодны, што вышэйшая адукацыя павінна быць масавай. А вось сярэдняя спецыяльная – так. Вазьміце любы трактар, ён настолькі насычаны ўсялякімі прыборамі, электронікай, што без падрыхтоўкі просты чалавек не справіцца з тэхнікай.
Трэба, каб людзі былі пісьменныя. Але гэта не значыць, што ўсім трэба вучыцца ў вышэйшых навучальных установах, туды павінны прыходзіць лепшыя. Тады мы будзем рыхтаваць не толькі сапраўдных прафесіяналаў,
но і інтэлігентаў. Я хачу падкрэсліць, што вышэйшая адукацыя – гэта інтэлігентнасць, акрамя профільных ведаў, патрэбен шырокі кругагляд. У ВНУ не павінны прыходзіць дзеля дыплома, «карочак».– Як дамагчыся гэтага, калі конкурсы на многія спецыяльнасці, у тым ліку ветэрынарнага профілю, падаюць? Як прыцягнуць моладзь да навуковай дзейнасці?
– Цяжка сказаць. Напрыклад, у 90-я, калі я толькі стаў загадчыкам кафедры, у навуку мала хто ішоў. Страчанае пакаленне. Потым стала лепш – спачатку па 5-7 аспірантаў, а ў першыя мае гады на пасадзе рэктара вучыліся да 70-80 аспірантаў. Цяпер, на жаль, зноў спад. Знізіўся агульны адукацыйны ўзровень студэнтаў. У плане сучасных тэхналогій яны, вядома, больш прасунутыя, але гэтым і сапсаваныя. Няма матывацыі, цягі да ведаў, за рэдкім выключэннем.
Перш за ўсё, трэба вырашаць фінансавыя пытанні. Калі спецыялісты будуць добра зарабляць, то матывацыя павялічыцца. У свой час прафесія ветэрынара была хлебная, а цяпер мала каго прываблівае зарплата ў 3,5 млн старымі. Нямала значэння маюць і ўмовы жыцця на вёсцы. Але ў гэтым напрамку ёсць зрухі: па камфорце і інфраструктуры аграгарадкі практычна не саступаюць многім раённым цэнтрам.
Дыхаюць у спіну нобелеўскім лаурэатам
– Якія напрамкі ў ветэрынарыі цяпер перспектыўныя і найбольш запатрабаваныя?
– Самае галоўнае пытанне – з'яўленне новых хвороб, шэраг з іх вельмі небяспечны як для жывёл, так і для людзей, на сённяшні момант іх 198. Больш за два дзясяткі гадоў мы арыентуем усе прыкладныя даследаванні на распрацоўку новых ветэрынарных прэпаратаў. У 90-я гады іх у нас у краіне выраблялася не больш за 10% ад неабходнай колькасці, патрэбны былі велізарныя сродкі, каб закупляць недастаючыя. Цяпер для лячэння і прафілактыкі хвароб у жывёлагадоўлі выкарыстоўваецца прыкладна 1230 найменняў прэпаратаў. Дзякуючы, у тым ліку, і нашым намаганням у Беларусі прымяняецца ад 75 да 80% айчынных сродкаў абароны жывёл. Засталіся толькі прэпараты, якія выкарыстоўваюцца ў невялікіх колькасцях. Іх, дарэчы, можнасінтэзаваць і ў нас, але яны не маюць стратэгічнага значэння, а вытворчасць вельмі дарагая.
Другі напрамак – прафілактыка небяспечных і асабліва небяспечных захворванняў, агульных для жывёл і чалавека, распрацоўка новых сродкаў абароны ад хвароб. У гэтай справе таксама ёсць прагрэс. Да прыкладу, у Беларусі практычна ліквідаваны бруцэлёз і туберкулёз жывёл, фіксуюцца толькі асобныя выпадкі. Гэта датычыцца і лейкозу і іншых хвароб.
– Якое ваша самае значнае навуковае дасягненне? Чым можна ганарыцца?
– У 2015 годзе Нобелеўская прэмія ў галіне фізіялогіі і медыцыны была прысуджана па двух напрамках. Кітайская жанчына-прафесар удастоена ганаровай узнагароды за распрацоўку прэпарата з палыну для лячэння малярыі чалавека. Мы на працягу гадоў 25 займаемся вывучэннем уласцівасцей палыну горкага, шырока распаўсюджанага ў Беларусі, фактычна мы маем справу з распаўсюджаным пустазеллем.
Гэтак жа, як і нобелеўскі лаўрэат, атрымалі прэпарат, але супраць гельмінтозаў жывёл, нават назвы лекавых сродкаў сугучныя ў рускай транскрыпцыі: артэмізітан і армезіцін. Даследаванні ішлі паралельнымі курсамі. Варта адзначыць, што працы мы выконвалі сумесна з прафесарам ВДМУ Георгіем Бузуком.
Другую частку прэміі атрымалі навукоўцы з Японіі і Заходняй Еўропы, якія вывучалі авермекціны – універсальны сродак супраць паразітозаў. Асабліва ўдалым аказаўся вопыт прымянення гэтых прэпаратаў у Афрыцы супраць «рачной слепаты», якая перадаецца праз крывасмокавых насякомых. У нашай акадэміі з 80-х гадоў займаюцца гэтымі прэпаратамі, абаронена доктарская дысертацыя па дадзенай тэме, 7 ці 8 кандыдацкіх, напісана манаграфія. Так што ў плане перадавых даследаванняў мы далёка не ў апошнім шэрагу.
Калі казаць пра канкрэтныя справы, то ёсць такая хвароба як гіпадэрматоз. Паразіты прагрызаюць у скуры жывёлы адтуліны, і ў далейшым, пры тэхналагічнай апрацоўцы яна становіцца непрыдатнай. Прэпараты ад захворвання былі, але ад іх давялося адмовіцца, паколькі найноўшыя даследаванні даказалі наяўнасць у іх канцерагенных уласцівасцей. Пасляапрацоўкі 2-3 тыдні рэчыва ўтрымлівалася ў арганізме жывёл і выдзялялася з малаком.
Мы прапанавалі выкарыстоўваць прэпарат на аснове авермектынаў – фармацын – і арыгінальную методыку яго прымянення: унутрыскурна ў мінімальнай дозе (0,2 мл). Пры такім спосабе лячэння эфектыўнасць уласцівасцей не зніжаецца, прэпарат у арганізме практычна не ўлоўліваецца або толькі часам ёсць яго сляды. Фармацын сёння вырабляе беларускі завод ветэрынарных прэпаратаў, ён паспяхова ўжываецца на практыцы.
Значны ўклад мы зрабілі ў барацьбу з фасцыёлезам. Пры традыцыйным падыходзе да лячэння сельгаспрадпрыемствам наносіцца вялікая эканамічная шкода – губляецца каля 30-40% прадукцыі. Унутрыскурнае увядзенне прэпарата здымае гэту праблему, на сённяшні дзень дадзеную методыку выкарыстоўваюць усе пісьменныя спецыялісты.
Беларуская якасць – брэнд
– У святле апошніх прэтэнзій да якасці беларускай прадукцыі (малака, мяса) з боку іншых дзяржаў, ці звяртаюцца да вас за экспертным меркаваннем вытворцы?
– У нас у краіне арганізаваны наймацнейшы кантроль за вытворчасцю мясной і малочнай прадукцыі. Усё рэгламентавана, больш верагоднасць набыць не якаснае мяса ці малако з рук, чым у краме. Беларуская якасць – гэта брэнд. Вядома, Расія абараняе свой рынак, але гэта, хутчэй, самі вытворцы і розныя асацыяцыі.
Да скандалаў нашы прадпрыемствы часта зусім не маюць ніякага дачынення, здараецца, што ў іх асартыменце нават няма такіх найменняў прадукцыі. Да нас перыядычна звяртаюцца кіраўнікі арганізацый, у якіх павялічваецца колькасць прэтэнзій ад спажыўцоў па якасці тавараў. У адным са случаяў аказалася, што пад вядомай у нас у краіне маркай працаваў падпольны завод, які вырабляў кантрафакт.
Але сцвярджаць, што заўсёды ўсё ідэальна, я не бяруся. Нельга скідваць з рахункаў і чалавечы фактар. Да прыкладу, часам антыбіётыкі могуць выяўляцца ў малацэ, нават калі жывёлу не лячылі адпаведнымі прэпаратамі. Высвятляецца, што ў арганізм яны трапілі з ежай у выглядзе дабаўкі ў камбікармы, але інфармацыі не было на этыкетцы. А наогул, кажучы пра
у якасці беларускай прадукцыі, хачу прывесці такі прыклад: з 1990 года я знаходжуся ў вучоным савеце па абароне дысертацый у акадэміі Санкт-Пецярбурга. Калі прыязджаю, мяне абавязкова просяць прывезці беларускае сала, сметанковае масла, а адзін прафесар яшчэ і нашу бульбу і капусту.
«Ніколі не азірацца назад»
– Вы 18 гадоў былі рэктарам аднаго з вядучых аграрных ВНУ краіны. Быць лідарам у калектыве – гэта таксама навука.
– Да рэктарскай пасады прайшоў вялікую школу: пачынаў старшынёй студэнцкага прафкама, затым мясцовага камітэта прафсаюзаў, потым стаў прарэктарам па вучэбнай рабоце, сакратаром парткама, загадчыкам кафедры. Усё гэта вопыт кіраўніцкай работы. Другая частка – гэта здольнасць або талент, як хочаце. Нельга проста так з вуліцы паставіць чалавека рэктарам або загадчыкам, нават старэйшым дворнікам быць атрымаецца не заўсёды. Трэба старацца, укладацца ў сваю справу, працаваць з самааддачай. Без гэтага нічога не атрымаецца: або народ спіша, або начальства.
Мой працоўны дзень пачынаецца а 7 раніцы і доўжыцца да 6-7 вечара. Дачка, калі была маленькая і хадзіла ў дзіцячы сад, неяк спытала: «Тата, а ты дома бываеш?». – «Бываю. А чаго ты так пытаешся?». – «Проста я раніцай устаю – цябе няма, увечары кладуся спаць, а цябе таксама няма». Падобныя словы я пачуў ад сваёй унучкі, калі мы жылі з імі разам. Яна спытала, ці начую я дома, а то мяне ў гэты час ні разу не бачыла.
– А ці лічыце вы сябе паспяховым чалавекам?
– Тут цяжка сказаць: капіталу не нажыў, палацаў не пабудаваў, хоць, прызнаюся, была магчымасць. Але глядзеў на шараговых людзей, выкладчыкаў, не імкнуўся быць каралём сярод нашага брата вучонага, які, у асноўным, жыве на ідэях. Ніколі не азіраўся назад – што зроблена, то зроблена, гісторыя ўсё ацэніць.
– Раскажыце крыху пра сваю сям'ю.
– Бацькі – простыя сяляне. Бацька 8 гадоў на вайне адбыў, маці ў акупацыі з двума дзецьмі засталася. Працавалі ў калгасе, працавалі добрасумленна, атрымлівалі мала, але выжылі. Жонка працуе ў акадэміі, дацэнт, кандыдат навук, 46 гадоў пражылі разам. Сын – доктар навук, яго
доктарская дысертацыя прысвечана авермектынам. Дачка – кандыдат навук, працуе у гарадской ветэрынарнай станцыі.
– Ці ёсць у вас дома хатнія жывёлы?
– На сённяшні дзень няма, мы трымалі і катоў, і сабачку, калі жылі ў калгасе. Вядома, усе мы з любоўю ставімся да жывёл, але за імі патрэбен догляд.
– Як праводзіце вольны час, чым захапляецеся?
– Адзіны выхадны – нядзеля, але ён цалкам у распараджэнні жонкі. Разам ездзім на дачу, дзе ў нас 10 сотак зямлі, невялікі домік. Там галоўнае – выконваць распараджэнні жонкі (смяецца – заўв. аўт.). Раней крыху рыбалкай захапляўся, на ровары ездзіў, ёсць і спартыўныя разрады, плаваў добра, і нават сплаўляўся на байдарках.
– Што пажадаеце віцебскім навукоўцам?
– Віншую ўсіх з Днём навукі і Годам навукі. Дабрабыту і поспеху. Маладыя навукоўцы – дзейнічайце і памятайце, як сказаў Луі Пастэр, выпадак прыходзіць да таго, хто шукае!
– Дзякуй за гутарку!
Наталля Камлёва. Фота Антона СТЭПАНІШЧАВА. «Віцебскія весці».